Ад старшага лейтэнанта — да палкоўніка. Такі службовы шлях прайшоў былы начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч. 31 снежня яго ўрачыста праводзілі на заслужаны адпачынак.
Ці кожны чалавек можа быць кіраўніком, асабліва, калі падначаленая яму арганізацыя з’яўляецца сілавым ведамствам? Канечне, не. Мяркую, што са мной пагадзяцца многія чытачы газеты. Кіраўнік павінен валодаць высокімі арганізатарскімі здольнасцямі, быць у пэўнай ступені псіхолагам, па-гаспадарску адносіцца да даверанай яму ўстановы, добрасумленна і бездакорна выконваць службовыя абавязкі.
Менавіта гэта ўласціва Андрэю Мечыслававічу Федуковічу. Яшчэ ў школе Андрэй Мечыслававіч вырашыў звязаць свой лёс са службай ў сілавых ведамствах. Гэтаму ў вялікай ступені пасадзейнічаў былы ваенны камісар Шаркаўшчынскага раёна Валерый Інакенцьевіч Ан. Пасля заканчэння Шаркаўшчынскай СШ Андрэй Федуковіч стаў курсантам Тальяцінскага вышэйшага ваеннага будаўнічага каманднага вучылішча. Пачынаў вайсковую службу ва Уральскай ваеннай акрузе. З распадам Савецкага Саюза малады афіцэр вярнуўся на малую радзіму, у Шаркаўшчыну.
З працаўладкаваннем тады ўзнікалі пэўныя цяжкасці. Тым не менш, Андрэй Мечыслававіч без аніякай сарамлівасці змяніў вайсковы мундзір на спецвопратку работніка будаўнічай брыгады тагачаснага саўгаса “Шаркаўшчынскі”, бо трэба было падтрымліваць сям’ю, выхоўваць дзяцей.
Праз некаторы час, а было гэта ў 1994 годзе, з’явілася магчымасць працаўладкавацца ў Шаркаўшчынскую ваенізаваную пажарную часць. Мара юнацтва — стаць работнікам сілавога ведамства — збылася ў другі раз. Спачатку Андрэй Мечыслававіч з’яўляўся начальнікам каравула ў званні старшага лейтэнанта. Пакрысе пераймаў вопыт і прафесіяналізм у старэйшых калег. А ў 1996 годзе ён быў прызначаны на пасаду начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, змяніўшы на гэтым месцы свайго настаўніка Мікалая Пятровіча Еўдакімава.
Андрэй Мечыслававіч завочна набыў другую вышэйшую адукацыю ў Гомельскім інжынерным інстытуце. За гады службы ён заўсёды карыстаўся заслужанымі павагай і аўтарытэтам сярод падначаленых і ў грамадстве. У многім дзякуючы яго намаганням праведзены капітальны рамонт будынка пажарнай часці ў гарадскім пасёлку, у сельскіх аварыйна-выратавальных пастах в. Варонка і аг. Лужкі. Пабудаваны новыя боксы для спецтэхнікі, абноўлены парк пажарных аўтамабіляў, створаны належныя ўмовы для нясення службы асабоваму складу.
Андрэй Мечыслававіч заўсёды займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Ён неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, адстойваў інтарэсы сваіх выбаршчыкаў на раённым узроўні, дапамагаў землякам.
31 снежня ў актавай зале Шаркаўшчынскага РАНС сабраліся не толькі цяперашнія выратавальнікі-пажарныя, але і тыя, хто пачынаў несці службу з Андрэем Мечыслававічам. Шмат цёплых слоў выказаў намеснік начальніка РАНС Валерый Міхайлавіч Ліпскі. Успомнілі пра гады сумесный службы былы начальнік ваенізаванай пажарнай часці Мікалай Пятровіч Еўдакімаў, былы намеснік начальніка Віктар Іосіфавіч Гуляшка і іншыя саслужыўцы.
— Ведаеце, менавіта дзякуючы вам я дасягнуў тых вышынь у сваёй прафесіі і змог зарэкамендаваць не толькі сябе асабіста са станоўчага боку, але і наш раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, — сказаў на развітанне Андрэй Мечыслававіч. — Сёння Шаркаўшчынскі РАНС з’яўляецца адным з лепшых не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў краіне. І гэта, несумненна, наша агульная заслуга. Дзякуй вам, паважаныя калегі, за гады сумеснай службы дзеля нашай малой радзімы, нашай Шаркаўшчыны і яе жыхароў!
Сяргей РАЙЧОНАК.
