У Рэспубліцы Беларусь створана сістэма бесперапыннай аграрнай адукацыі, важным звяном якой з’яўляюцца профільныя класы аграрнага накірунку.
З 1 верасня 2018 года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі былі адкрыты аграрныя класы. У гэтым годзе з 400 профільных класаў палова — выпускныя. Школьнікаў чакаюць 4 сельскагаспадарчыя ВНУ: Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а таксама 27 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
— Аграрныя класы (групы) маюцца і ў школах Шаркаўшчынскага раёна, — кажа намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Пятроўна Турчынская. — У СШ № 1 — 11 клас (20 чалавек), у СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына — 10 клас (група 14 чалавек), у Більдзюжскай СШ — 11 клас (4 чалавекі), у Лужкаўскай СШ — 10 клас (група 6 чалавек) і 11 клас (група 5 чалавек). Усяго 49 юнакоў і дзяўчат вывучаюць прадмет “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Гэта спецыяльная праграма для факультатыўных заняткаў у профільных класах.
Для выпускнікоў аграрных класаў дзейнічаюць шматлікія прывілеі: яны могуць паступіць без экзаменаў, па выніках суразмоўя. Для гэтага ім неабходна мець у атэстаце адзнакі па профільных прадметах не ніжэй 7 і заручыцца мэтавым накіраваннем. Але трэба памятаць, што мэтавае накіраванне прадугледжвае 5 год адпрацоўкі па размеркаванні пасля ВНУ і 3 гады — пасля каледжа.
Мэтавае накіраванне павялічвае шанц паступіць у аграрную ВНУ без экзаменаў. Падчас вучобы такія студэнты атрымліваюць даплаты да стыпендыі, а некаторыя арганізацыі АПК выплочваюць сваім будучым спецыялістам асобную стыпендыю. Сярод іншых бонусаў — жыллё або грашовае кампенсаванне па яго найме, аплата камунальных расходаў, ільготныя крэдыты на набыццё жылля. Гэта з’яўляецца добрай падтрымкай для паступлення ў аграрную ВНУ і забяспечвае дастойны старт у самастойнае жыццё.
У канцы студзеня вучні 10 класа СШ № 2 (група з 14 юнакоў і дзяўчат) разам з настаўніцай біялогіі Аксанай Паўлаўнай Пачэпка на практыцы замацавалі тэарэтычныя веды па факультатыве “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Па папярэдняй дамоўленасці з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама яны наведалі раённую ветэрынарную станцыю. Начальнік установы Валерый Паўлавіч Кулік расказаў пра спецыфіку дзейнасці райветстанцыі, яе супрацоўнікаў, асноўныя накірункі работы. Затым вучні больш падрабязна азнаёміліся з формамі і метадамі работы галоўнай ветэрынарнай установы раёна. Яны пабывалі ў падраздзяленнях хіміка-таксікалагічным і радыяцыйнага кантролю, наведалі дыягнастычную лабараторыю, дзе праводзяцца біяхімічныя аналізы крыві, корму для сельгаспадарчых жывёл, вызначаецца радыяцыйны фон паветра і іншае. Асабліва цікава было наведаць юнакам і дзяўчатам віварый — месца ўтрымання і правядзення доследаў над жывёламі. У віварыі ўтрымліваюцца марскія свінкі, трусы, авечкі і нават белыя пацукі.
Потым вучні трапілі ў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, дзе начальнік установы Валянціна Канстанцінаўна Кузьмянкова падрабязна расказала пра спецыфіку работы ўстановы.
У канцы экскурсіі юнакі і дзяўчаты наведалі адзін з самых буйных малочнатаварных комплексаў раёна — МТФ “Пашкі”. Азнаёмілі старшакласнікаў з працай жывёлагадоўчага аб’екта намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Юрый Георгіевіч Лабуць і загадчык МТФ Іна Уладаўна Магалінская.
На комплексе ўтрымліваецца 1756 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 720 — дойны статак. Сярэдні надой на адну карову ў суткі складае 9,7 кілаграма малака. Валавы сутачны надой — 6 тысяч кілаграмаў. Рацыён кармлення разнастайны — гэта сянаж, сена, канцэнтраты. На сучаснай малочнатаварнай ферме створаны ўсе належныя ўмовы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Вось толькі, як сказала Іна Уладаўна, не хапае жывёлаводаў. Тым больш, што многія ў хуткім часе пойдуць на заслужаны адпачынак.
Старшакласнікі, якія на ўласныя вочы азнаёміліся з працэсам работы на сучаснай МТФ, сур’ёзна задумаліся над выбарам будучай прафесіі. Магчыма, некаторыя выберуць у будучым працу ў сельскагаспадарчай галіне, а менавіта ў жывёлагадоўлі.
Сяргей РАЙЧОНАК.














