У працоўных калектывах працягваюць абмяркоўваць праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Чарговая дыялогавая пляцоўка прайшла ў мемарыяльным музеі садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў Алашках. Праводзіла яе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Людміла Стома.
— Над змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на працягу амаль года працавалі спецыялісты, практыкі рэальнай эканомікі, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскасці, — паведаміла Людміла Уладзіміраўна. — Новая Канстытуцыя, несумненна, дазволіць умацаваць розныя галіны ўлады, прыцягнуць больш увагі народнага прадстаўніцтва да кіравання вызначанымі працэсамі ў беларускім грамадстве. А ў цэлым наша асноўная задача — зберагчы суверэнітэт Беларусі, надаць новы імпульс эканамічнаму развіццю краіны і забяспечыць стабільнасць палітычнай і сацыяльнай сістэм.
Трэба разумець, што Канстытуцыя, па якой мы жывём, у поўнай меры адпавядае рэаліям таго часу, калі яе прымалі. У людзей быў запыт на моцную ўладу, якая вырашыла існуючыя праблемы. Сістэма дзяржаўнага кіравання паказала ўстойлівасць перад выклікамі часу.
Сёння кіраўніцтва краіны паважліва адносіцца да запытаў актыўнай часткі грамадства на эвалюцыйнае ўдасканальванне Канстытуцыі ў імя далейшага прагрэсу. У абноўленым Асноўным Законе, які выносіцца на рэферэндум, роля Прэзідэнта па-ранейшаму значная, але частка яго паўнамоцтваў пераходзіць іншым органам улады, у першую чаргу Усебеларускаму народнаму сходу, як ужо даказаў сваю значнасць у жыцці краіны. Застаецца дзеючым двухпалатны Парламент, павялічваецца тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў да пяці год. Усебеларускі народны сход будзе зацвярджаць асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі.
Вялікае значэнне абноўленай Канстытуцыі ў тым, што яна пазірае на дзясяцігоддзі наперад. Яна ствараецца не пад дзеючых Прэзідэнта і ўладу. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада 2021 года на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па апрацоўцы праекта Канстытуцыі. Асноўны Закон працуе і будзе працаваць у інтарэсах беларускага народа.
— Удзел у рэспубліканскім рэферэндуме — грамадзянскі абавязак кожнага беларуса, — падкрэсліла Людміла Уладзіміраўна. — Бо для кожнага з нас важна, каб Беларусь заставалася суверэннай і незалежнай дзяржавай. Я і мая сям’я 27 лютага будзем галасаваць за ўпэўненасць у заўтрашнім дні — за абноўленую Канстытуцыю.
Сяргей РАЙЧОНАК.

