Свой юбілейны дзень нараджэння сустрэў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец

Общество

У пачатку тыдня, а менавіта 4 красавіка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец сустрэў свой юбілейны дзень нараджэння. Паважанаму ў грамадстве чалавеку споўнілася 60 год.
Павіншаваць яго з адметнай датай ў жыцці сабраліся работнікі райвыканкама на чале з кіраўніком раёна Дзмітрыем Міхайлавічам Ламака. Старшыня райвыканкама ўручыў юбіляру Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую і добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання і самакіравання, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Дзмітрый Міхайлавіч таксама ўзнагародзіў Уладзіміра Серафімавіча Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў за развіццё сацыяльнага партнёрства, абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза.
Шмат цёплых і сардэчных слоў віншаванняў выказалі работнікі раённага выканаўчага камітэта ў адрас юбіляра.
Як вядома, Уладзімір Серафімавіч большую частку свайго працоўнага жыцця прысвяціў службе ў органах унутраных спраў нашага раёна. У Шаркаўшчынскі РАУС ён прыйшоў на службу ў снежні 1983 года ў званні малодшага лейтэнанта. На працягу пяці год з’яўляўся оперупаўнаважаным па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці. Потым займаў пасаду оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку. У верасні 1991 года Уладзімір Серафімавіч узначаліў службу крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС. А з 1994-га па 1999 гады з’яўляўся намеснікам начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў, адначасова выконваючы абавязкі начальніка крымінальнай міліцыі. У лютым 1999 года Уладзімір Серафімавіч Шпец узначаліў райаддзел унутраных спраў Шаркаўшчынскага райвыканкама. Такім чынам, ён паступова прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы ад малодшага лейтэнанта да падпалкоўніка.
Былыя саслужыўцы Уладзіміра Серафімавіча, цяперашнія праваахоўнікі, а таксама прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” ва ўрачыстай атмасферы павіншавалі імянінніка, уручылі яму памятныя сувеніры, выказалі словы шчырых віншаванняў і найлепшых пажаданняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.