
Алімпійскія Дні моладзі па таэквандо прайшлі 22-23 сакавіка ў Віцебску. Пра гэту падзею нам расказаў трэнер па таэквандо Ігар Афанасьевіч Іваноў.
-Сярод кадэтаў 1999-2001 гадоў нараджэння ў Шаркаўшчынскай камандзе вызначыліся Сяргей Сімановіч і Дзмітрый Толкач. Сяргей датэрмінова з лікам 15-1 завяршыў свой першы бой з палачанінам. Дзмітрый таксама з відавочнай перавагай з лікам 14-1 давёў да перамогі паядынак з віцебчанінам. Другую сутычку са спартсменам абласнога цэнтра Сяргей, правёўшы некалькі прыгожых атак па касцы суперніка, завяршыў ужо ў першым раундзе. Дзіма ж атрымаў перамогу над наступным віцебчанінам з лікам 9-2. У выніку ў фінал у вагавай катэгорыі 33-37 кілаграм выйшлі двое шаркаўчан. У вырашальнай сустрэчы Сяргей быў упэўнены, што пераможа, бо раней ужо выйграваў у Дзмітрыя. Але ён недаацаніў суперніка. Увесь паядынак ведучы з лікам 2-0, на апошніх секундах ён прапусціў удар Дзмітрыя і саступіў на адзін бал. Хочацца асобна сказаць пра Дзіму Толкача. Ён малайчына, амаль штодня прыязджае на трэніроўкі ў Шаркаўшчыну з Радзюкоў. У паядынках не глядзіць ні на ўзрост суперніка, ні на яго тытулы. Яго перамога ў баі з Сяргем пацвердзіла ісціну, што ў жыцці не заўсёды перамагае больш моцны ці хуткі, “вікторыя” рана ці позна дастаецца таму, хто лічыць сябе на гэта здатным. Першынство Рэспублікі Беларусь сярод кадэтаў 12-14 гадоў, якое пройдзе ў Мінску 12-14 красавіка праверыць, на што здольныя нашы Сяргей Сімановіч і Дзмітрый Толкач на ўзроўні ўсёй краіны.
Перад абласнымі Алімпійскімі днямі моладзі большасць Шаркаўшчынскай зборнай юніёраў 1996-1998 гадоў нараджэння захварэла на грып. Ад гэтай зборнай выступіў у цяжкай вагавай катэгорыі (звыш 78 кілаграмаў) толькі Антон Губскі. Няпроста было змагацца Антону. У фінальным паядынку супернік быў старэйшы за яго на 2 гады і суддзі паставілі яму 4 балы за тэхнічны прыём, які не павінен быў ацэньвацца. Але Антон праявіў характар і сур’ёзна ўзяўся за справу. Паверыўшы ў свае сілы, шаркаўчанін ўжо не пакінуў ніякіх шанцаў суперніку. Лік 11-4 ў нашу карысць таму пацверджанне. Залаты медаль і дыплом першай ступені папоўнілі скарбонку дасягненняў вучня 9 «В» класа Шаркаўшчынскай СШ №1 Антона Губскага.
Хочацца павіншаваць нашых хлопцаў з бліскучымі перамогамі.
Падрыхтавала Марына ЖАКАЎКА.
