Кожны год у Міжнародны дзень гумару 1 красавіка ўдзельнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Эдвард Вялічка запрашае ў раённы Дом культуры на свой творчы вечар. Не стаў выключэннем і год сёлетні. А васемнаццатай гадзіне прыхільнікаў творчасці дырэктара РВУ “Шаркаўшчынарайгаз” сабралася амаль поўная глядзельная зала. З карысцю правесці свой вольны час, адпачыць прыйшлі родныя і знаёмыя Эдварда, сябры і калегі па рабоце і проста аматары смеху і жартаў шаркаўшчынскага гумарыста.
Са сцэны гучалі аўтарскія апавяданні, песні на шматлікія тэмы жыцця. З гледачамі Эдвард Вялічка правёў конкурс анекдотаў, дасланых з залы на лістках паперы. Лепшым быў прызнаны анекдот ад Аксаны Каленцевай. Яна ж атрымала з рук віноўніка ўрачыстасці сертыфікат, пацвярджаючы наяўнасць пачуцця гумару ў яго ўладальніка.
Праводзіць творчы вечар дапамагалі ўдзельнікі ансамбля “Каліна” Васюкоўскага СДК, Надзея Ерахновіч — дырэктар Навасельскага СДК. Іх мелагучныя песні арганічна дапаўнялі канцэрт. Аксана Міронава ў сваім выкананні падарыла ўсходні танец, які выклікаў бурныя апладысменты гледачоў. Артысты РДК ажыццявілі пастаноўку спектакляў-мініяцюр “У турме” і “У бібліятэцы” разам з Э. Вялічкам. Яшчэ адной “изюминкой” канцэрта стала выступленне “замежнага” ВІА “ЖаВоМаЖеДи”, у ўдзельнікаў якога пераўвасобіліся культработнікі раённага Дома культуры.
Вечар адпачынку, які доўжыўся больш за дзве гадзіны, закончыўся словамі-віншаваннямі і букетамі кветак ад кіраўніка аб’яднання “Світанак” К. Сосна, калектыву райгаза, раённага Дома культуры і проста ўдзячных гледачоў. Усё гэта было адрасавана Эдварду Вялічку — майстру гумарыстычнага слова і іскрамётнага жарту, чый наступны творчы вечар абавязкова пройдзе праз год — першага красавіка.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
[nggallery id=28]

