Мясцовая ўлада заўсёды надае вялікую ўвагу навядзенню парадку на зямлі. Ад гэтага напрамую залежаць узровень жыцця насельніцтва, яго дабрабыт.
На базе Лужкаўскага сельскага Савета прайшоў раённы выязны семінар. Яго мэтай стаў абмен вопытам па арганізацыі работы сельскіх Саветаў дэпутатаў з насельніцтвам, з сельгаспрадпрыемствамі, арганізацыямі раёна ў плане навядзення парадку на зямлі. Закранулі таксама пытанні работы сацыяльнай і вытворчай сфер, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Узначальваў работу семінара старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі, члены райвыканкама, начальнікі аддзелаў і служб раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельскіх Саветаў.
Спачатку ўдзельнікі семінара наведалі цэнтральны сквер у аграгарадку Лужкі, усклалі кветкі да воінскага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Многія жыхары нашага раёна ведаюць, што пры Лужкаўскім СДК на працягу многіх год існуе народны ансамбль “Лужкаўскія песняры”. Удзельнікі семінара, наведаўшы клубную ўстанову, мелі магчымасць азнаёміцца з творчасцю калектыву, паслухаць некалькі песень у іх выкананні.
Потым на шляху з Лужкоў у аграгарадок Дворнава адбыўся візуальны агляд стану вуліц сельскіх населеных пунктаў, вясковых могілак і падрыхтоўкі пустуючых дамоў да зносу. Удзельнікі семінара наведалі Дворнаўскі сельскі клуб, мясцовую бібліятэку, магазін. Большасць жыхароў аграгарадка — пенсіянеры. Таму акцэнт у сваёй рабоце спецыялісты ўстаноў культуры робяць менавіта для дадзенай катэгорыі насельніцтва. У магазіне ў асартыменце харчовыя і прамысловыя тавары, свежыя хлебабулачныя вырабы і, што вельмі важна для кожнага пакупніка, ветлівае абслугоўванне з боку прадаўца.
Наступным аб’ектам для наведвання стала міні-гідраэлектрастанцыя на рацэ Мнюта ў вёсцы Гарадзец. Пра тое, якія функцыі яна выконвае, і пра прынцып работы расказаў энергетык Уладзімір Захар’еў. Многія з удзельнікаў мерапрыемства ўпершыню пабывалі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Гарадзец”, пацікавіліся, якія паслугі прадастаўляе ўстанова для мясцовых жыхароў. Як высветлілася, комплекс карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва, тут з карысцю для здароўя займаюцца фізічнымі практыкаваннямі і дзеці, і дарослыя людзі.
У Гарадцы знаходзіцца воінскае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны, у памяць аб загінуўшых земляках усталяваны помнік. Усе аб’екты ў добрым стане, іх добраўпарадкаваннем займаюцца прадстаўнікі адміністрацыі сельгаспрадпрыемства, школьнікі, мясцовыя жыхары.
Удзельнікі семінара наведалі таксама і аб’екты вытворчай сферы КУВСП “Гарадзец”. Пра работу жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі на МТФ “Цэнтр” расказала намеснік кіраўніка сельгаспрадпрыемства Наталля Віктараўна Катушонак. А ў дыспетчарскай кожны азнаёміўся з наяўнасцю інфармацыйна-ідэалагічнай дакументацыі.
У аграгарадку Верацеі ў двухпавярховым будынку былой базавай школы размяшчаецца цэнтр культуры і адпачынку. Пад адным дахам тут знаходзяцца бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, спартыўная зала. З работай сацыяльных устаноў азнаёміла старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Таццяна Мікалаеўна Краснадубская.
На зваротным шляху ў Лужкі ўсе заўважылі, у якім прывабным стане знаходзіцца тэрыторыя мясцовай урачэбнай амбулаторыі, тут заўсёды чысціня і парадак, за якімі пільна сочаць работнікі медустановы.
Лужкаўская сярэдняя школа з’яўляецца адной з лепшых навучальных устаноў раёна, дзе на належным узроўні арганізаваны вучэбна-выхаваўчы працэс, працуюць вопытныя і таленавітыя педагогі. Дырэктар школы Наталля Віктараўна Вершаловіч правяла экскурсію па тэрыторыі, падрабязна расказала пра накірункі работы ўстановы адукацыі. Там і сапраўды ёсць што паказаць, ёсць што паглядзець. Тэрыторыя школы мае вельмі прывабны від. Радуюць вока шматлікія кветнікі, альтанкі, расліны-экзоты ў прышкольным дэндрарыі, малыя архітэктурныя формы, зробленыя рукамі настаўнікаў, вучняў і работнікаў школы.
Падводзячы вынікі семінара, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец яшчэ раз нагадаў прысутным, што пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва па тых або іншых праблемах, павінны вырашацца ў комплексе. Увогуле, работа старшыні Лужкаўскага сельсавета кіраўніцтвам раёна была ацэнена станоўча. Аналагічныя семінары пройдуць і ў іншых сельскіх Саветах.
Сяргей РАЙЧОНАК.



























