Віншаванні камбайнеру ААТ «Даватарскі» Юрыю Ардынскаму, які намалаціў 2 тысячы тон зерня

Главное Сельское хозяйство

Падчас сёлетняй уборачнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемствах з’явілася многа хлебаробаў, хто ў агульны раённы каравай намалаціў або перавёз больш тысячы тон зерня. Бяспрэчным лідарам, як і ў мінулыя гады, з’яўляецца камбайнер ААТ “Даватарскі” Юрый Ардынскі.
— Гэта самы вопытны камбайнер нашага сельгаспрадпрыемства, — кажа кіраўнік гаспадаркі Андрэй Пальчэх. — Не адзін дзясятак год ён у час жніва працаваў на зернеўборачных камбайнах марак “Ніва”, “Дон”, “Палессе” КЗС-1218.
У 2018 годзе, калі гаспадарка атрымала новы камбайн замежнай вытворчасці “New Holland”, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даручыла сучасную тэхніку Юрыю Ардынскаму і не памылілася. У першы ж сезон працы на камбайне мужчына стаў “тысячнікам” па намалочаных тонах. Асаблівых поспехаў Юрый Геронцьевіч дасягнуў на жніве 2019 года, калі агульны намалот камбайнера склаў 3 тысячы 600 тон.
Сёлета, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, камбайнер у лідарах па намалоце зерня ў раёне. 30 жніўня Юрый Геронцьевіч пераадолеў двухтысячны рубеж. Такім чынам, камбайнер з ААТ “Даватарскі” зноў пацвердзіў сваё бясспрэчнае лідарства ў нашым рэгіёне.
Павіншаваць хлебароба з чарговымі працоўнымі дасягненнямі ў поле прыехалі кіраўнік раёна Дзмітрый Ламака, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская, кіраўнік ААТ “Даватарскі” Андрэй Пальчэх, прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта гаспадаркі.
— Паважаны Юрый Геронцьевіч, сардэчна віншую вас з працоўнымі поспехамі, жадаю вам трывалага здароўя, надзейнай падтрымкі родных людзей, поспехаў у жыцці! — сказаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака.
Пасля ўзнагароджвання і агульнага фотаздымка на памяць хлебароб вярнуўся ў кабіну свайго камбайна і з добрым настроем працягнуў адказную і пачэсную справу — уборку вырашчанага ўраджаю.
Сяргей РАЙЧОНАК.