Асноўная мэта — папярэдзіць і прадухіліць правапарушэнне. Карэспандэнт «раёнкі» пабываў у прафілактычным рэйдзе з супрацоўнікамі РАУС

Информирует РОВД

Нягледзячы на тое, што жніво ў гаспадарках раёна ўжо закончылася, увага сілавых структур па-ранейшаму скіравана на стан спраў у сельгаспрадпрыемствах. Адпаведныя службы кантралююць, забяспечваюць бяспеку і іншае.
Праваахоўнікі выязджаюць у сельгасарганізацыі днём і ў начны час сутак для прадухілення крадзяжоў, выяўлення парушэнняў пры перавозе зерня, суправаджэння буйнагабарытнай тэхнікі, праверкі транспартных сродкаў і фізічнага стану вадзіцеляў, работнікаў АПК.
1 верасня ў чарговы рэйд з супрацоўнікамі РАУС накіраваўся і карэспандэнт раённай газеты. Разам з інспектарам дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ РАУС Эрдгардам Шапалоўскім і ўчастковым інспектарам Іёдскага сельскага Савета Канстанцінам Някрасавым мы накіраваліся ў аддзяленне “Усход” ААТ “Буеўшчына”. У вячэрні час у вёсцы Лонскія працавала зернесушылка, дзе ў рабочым працэсе было задзейнічана некалькі работнікаў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Праваахоўнікі выявілі факт знаходжання аднаго з работнікаў на працоўным месцы ў нецвярозым стане. Паказанні алкатэста пацвердзілі факт ужывання спіртных напояў. Пасля прафілактычнай гутаркі і складання адпаведнай дакументацыі мужчына быў адхілены ад выканання сваіх службовых абавязкаў.
Каля зернесушылкі на адкрытай пляцоўцы знаходзілася некалькі тон зерня, якое не было ўкрыта ад ападкаў (у той дзень ішоў дождж). Гэта з’яўляецца грубым парушэннем правілаў захавання вырашчанага ўраджаю.
У аграгарадку Буеўшчына трапіўся веласіпедыст, транспартны сродак якога не быў абсталяваны святлоадбіваючымі элементамі і гукавым сігналам. Так як у нядаўнім мінулым гэтым чалавекам было здзейснена аналагічнае правапарушэнне, на мужчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол і вынесены штраф у памеры адной базавай велічыні.
У гарадскім пасёлку інспектар ДПС спыніў грузавы аўтамабіль МАЗ для праверкі неабходных дакументаў і візуальнага агляду аўтамашыны. Парушэнняў у дадзеным выпадку не было выяўлена.
У далейшы шлях разам з інспектарам аддзялення ДАІ Эрдгардам Шапалоўскім і старшым участковым інспектарам аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Уладзімірам Чапулёнкам мы накіраваліся ў бок аграгарадка Германавічы. На аўтадарозе праваахоўнікі спынялі сустрэчны транспарт, правяралі наяўнасць неабходных дакументаў у вадзіцеляў, рабілі візуальны агляд тэхнікі. У межах спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Увага — дзеці!”, якое праходзіла ў краіне, супрацоўнікі РАУС тлумачылі дарослым грамадзянам пра неабходнасць папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, павышэння адказнасці бацькоў за бяспеку сваіх дзяцей.
На цэнтральнай сядзібе ААТ “Княж” прадстаўнікі РАУС наведалі зернесушылку. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы зерне, якое знаходзілася ў некалькіх месцах на адкрытых пляцоўках, было накрыта поліэтыленавай плёнкай. У механічных майстэрнях на сваім працоўным месцы знаходзіўся вартаўнік. Парушэнняў праваахоўнікі тут не зафіксавалі. Наступнай гаспадаркай, куды накіраваліся ўдзельнікі рэйду, стала КУВСП “Гарадзец”. Гэта сельгаспрадпрыемства першым у раёне закончыла жніво. На адкрытых пляцоўках зерне адсутнічала, ураджай 2022 года захоўваўся ў складскіх памяшканнях. Потым мы трапілі на мехдвор гаспадаркі, дзе за выкананнем сваіх службовых абавязкаў сустрэлі начнога вартаўніка. Тут таксама парушэнняў выяўлена не было.
А вось на адной з цэнтральных вуліц аграгарадка Лужкі ў поле зроку трапіўся мужчына, які знаходзіўся на праезнай частцы без святлоадбіваючых элементаў на сваім адзенні. Гэтаму грамадзяніну было вынесена папярэджанне.
Аналагічныя прафілактычныя рэйды будуць праходзіць і ў далейшым, каб пазбегнуць дарожна-транспартных здарэнняў, прадухіліць крадзяжы дзяржаўнай і ўласнай маёмасці.
Сяргей РАЙЧОНАК.