Сонечнае і сухое надвор’е, якое радавала нас сваім цяплом амаль увесь жнівень, дазволіла працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў у самыя аптымальныя тэрміны ўбраць спелую збажыну з палеткаў.
Аднымі з першых убралі зерневыя культуры хлебаробы ААТ “Ельня-Агра”.
Познім вечарам 4 верасня каля вёскі Іванава камбайнеры дамалачвалі апошнія гектары аўса. На самым заходзе сонца яны накіравалі сваю магутную тэхніку на ўскраек поля, выстраіўшы яе ў роўненькі радок, каб адсветкаваць Дажынкі.
Як раз у гэты час да хлебаробаў, каб павіншаваць з заканчэннем уборачнай кампаніі, прыехаў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Якімовіч. Міхаіл Мікалаевіч выказаў словы ўдзячнасці камбайнерам, вадзіцелям і ўсім, хто прымаў удзел ва ўборцы зерневых.
Для вясковых хлебаробаў гэта і сапраўды свята. За месяц у гаспадарцы 4 камбайнеры абмалацілі звыш тысячы гектараў збажыны і рапсу. Агульны намалот склаў больш за 3200 тон. Гэта на 800 тон больш, чым у мінулым годзе. Сярэдняя ўраджайнасць — 29 цэнтнераў з гектара. Усё зерне прайшло дапрацоўку і засыпана ў засекі.
Міхаіл Мікалаевіч уручыў хлебаробам граматы, грашовыя прэміі за добрасумленную працу і боханы духмянага хлеба з зерня ўраджаю 2022 года. Узнагароды атрымалі галоўны аграном Пётр Протас, камбайнеры Аляксандр Мацкевіч, Аляксей Малыш, Аляксандр Катовіч, Віктар Лагун, вадзіцелі Віктар Красько, Васілій Якімовіч і Іван Пажарскі. Дарэчы, у гаспадарцы сёлета ёсць і свае “тысячнікі”. Гэта камбайнеры Аляксандр Мацкевіч і Аляксей Малыш, вадзіцелі Віктар Красько і Васілій Якімовіч.
А якое ж свята без музыкі і песень? Кіраўніцтва гаспадаркі запрасіла да сябе на Дажынкі артыстаў раённага Цэнтра культуры. Пад мілагучныя пералівы баяна, на якім іграў Мікалай Марозаў, вясёлыя песні спявалі Ала Клакоўская, Ірына Хаданёнак, Сняжана Маляўка, Таццяна Невярковіч, Іван Гарбачонак і Уладзімір Радзюк.
Вераснёўскае сонца, хаваючы свае апошнія промні за галіны дрэў, ласкава праводзіла калону камбайнаў і аўтамашын з залатога поля. Магутная тэхніка праблісковымі маячкамі і гукамі сігналаў развіталася з уборачнай 2022 года.
Сяргей РАЙЧОНАК.























