У Більдзюжскай сярэдняй школе прайшоў Тыдзень роднай мовы

Общество

У Більдзюжскай сярэдняй школе прайшоў Тыдзень роднай мовы на тэму “Як ты дарага мне, мая родная мова”. На працягу тыдня з вучнямі ўстановы адукацыі праводзілася мноства цікавых і займальных мерапрыемстваў.

16 верасня вучні 8-11 класаў пісалі рэспубліканскі дыктант “Дзень народнага адзінства”. Мэта дыктанта – выхаванне ў вучняў паважлівага і адказнага стаўлення да гісторыі беларускага народа, фарміраванне ўсведамлення непарыўнай сувязі гісторыі і сучаснасці, важнасці народнага яднання на шляху да росквіту Радзімы. А таксама дыктант даў магчымасць праверыць сваю пісьменнасць, стаў нагодай успомніць тых, хто рупліва працаваў на карысць нашай Радзімы, і напамінам пра неабходнасць захавання адзінства і незалежнасці Беларусі.

19 верасня на ўрачыстай лінейцы адбылося адкрыццё Тыдня роднай мовы, на якім вучні пазнаёміліся з планам мерапрыемстваў, была абвешчана акцыя  “Размаўляй са мной па-беларуску”. Дарэчы, на прапанову актыўна адгукнуліся вучні, педагогі і тэхнічны персанал. Вучням 3-11 класаў было прапанавана  зрабіць віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”. Самыя шчырыя і цёплыя словы гучалі ў гэты дзень у адрас беларускай мовы. У фае школы быў размешчаны вялікі аркуш “Маё любімае слова па-беларуску”, на якім на працягу ўсяго тыдня можна было напісаць сваё любімае беларускае слова.

У гэты ж дзень у кабінеце беларускай мовы была арганізавана выстава вучэбнай літаратуры “Сэрцам роднага слова краніся”.

Вучні 5 класа прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем вершы пра родную мову”.

20 верасня для вучняў 8-11 класаў была арганізавана сустрэча з кіраўніком народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Алай Клакоўскай. Вучні 3-4 класаў у ходзе святочнага мерапрыемства “Будзь у трэндзе” пазнаёміліся з назвамі адзення на беларускай мове. Яны адзначылі, што ў нашых  продкаў пачуццё густу было прыроднае: адзенне выглядае гарманічна, прыгожа і стыльна. Цешыць тое, што сёння вопраткі з традыцыйнымі элементамі стала больш, а сучаснае адзенне набывае беларускую адметнасць і стыль.

21 верасня  вучні 9-11 класаў выказалі свае шчырыя словы прызнання ў пісьмовых работах “За што я люблю родную зямлю”. У сваіх работах хлопцы і дзяўчаты распавядалі пра любоў да роднага краю, мясцін, дзе нарадзіліся і выраслі. Успомнілі пра гераічнае мінулае нашай краіны і яе славутых землякоў. Лепшыя работы атрымаліся ў Дар’і Кузняцовай (11 клас), Уладзіслава Карсюкевіча (9 клас), Алены Шэлдуновай (10 клас).

22 верасня  вучні 5 класа сталі ўдзельнікамі ўрока “У песнях славім Беларусь”, на якім пазнаёміліся з беларускімі народнымі традыцыямі, фальклорам, сучаснай культурай.

23 верасня вучні 10 класа наведалі старажытны горад Полацк, дзе пабывалі ў Музеі беларускага кнігадрукавання і Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага. Экскурсія пакінула цудоўныя ўражанні.

Займальна для вучняў сярэдняга звяна прайшла квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа”. Падчас мерапрыемства вучні, падзяліўшыся на каманды, успомнілі, што такое “фальклор”, даведаліся пра яго жанры, слухалі фрагменты народных песень, адгадвалі загадкі, чыталі прымаўкі і прыказкі, успаміналі беларускія народныя танцы. Каманды паспяхова выканалі ўсе заданні.

Такім чынам, усе мерапрыемствы, якія прайшлі падчас Тыдня роднай мовы сталі добрымі ўрокамі патрыятызму, духоўнасці, пачуцця адданасці роднаму краю, знаёмства з яго культурнай спадчынай.

Алена КАВАЛЁНАК,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры Більдзюжскай СШ.