Пра дзейнасць Шаркаўшчынскага раённага архіва расказвае яго дырэктар Таццяна Танканог

Общество

6 кастрычніка прафесійнае свята — Дзень архівіста — адзначаюць работнікі архіўнай галіны Беларусі. Ён быў абвешчаны ў 2000 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 35.
24 гады мінула з той пары, калі ў Шаркаўшчыне быў адкрыты раённы архіў. Сёння ў гэтай дзяржаўнай установе на захоўванні маецца 16500 спраў. За бягучы год работнікамі архіва апрацавана каля 150 запытаў ад грамадзян і арганізацый.
— Архівіст павінен разумець падзеі, якія адбываліся ва ўсіх сферах, ведаць заканадаўства, каб правільна адказваць на запытанні. А работа з людзьмі — самая складаная. Часта менавіта архівісты вызначаюць этапы чалавечага лёсу. Гэта работа хоць і з дакументамі, але не проста папяровая, а часам і лёсавызначальная, — упэўнена дырэктар Шаркаўшчынскага раённага архіва Таццяна Танканог. Разам з ёй вядучым архівістам працуе Валянціна Гайдзель.
У Шаркаўшчынскім архіве сабраны дакументы з 1945 года. Сёння і арганізацыі, і самі жыхары раёна перад выхадам на заслужаны адпачынак па інфармацыю звяртаюцца менавіта ў архіў. У мінулым жа ўсе неабходныя дакументы захоўваліся ці ў арганізацыях раёна, ці ў Глыбоцкім занальным архіве. Са з’яўленнем архіва ў нашым гарадскім пасёлку работа стала значна больш сістэматызаванай. А супрацоўнікі архіва даюць не толькі своечасовыя адказы на запыты насельніцтва, але і працуюць у цеснай узаемасувязі з арганізацыямі раёна: прадастаўляюць ім інфармацыю аб тым, як правільна афармляць, захоўваць і перадаваць у архіў кадравую дакументацыю і дакументы па асабовым складзе.
— З надыходзячым святам — Днём архівіста — хачу павіншаваць заслужаных работнікаў нашай установы, — кажа Таццяна Уладзіміраўна. — У першую чаргу, былога кіраўніка раённага архіва Надзею Фёдараўну Кукліну. На працягу 14 гадоў гэта жанчына ўзначальвала архіўную службу раёна, стаяла ля вытокаў яе стварэння і асабіста зрабіла шмат для таго, каб Шаркаўшчынскі раённы архіў паспяхова працаваў на карысць жыхароў нашага раёна. Шчырых слоў удзячнасці за сваю шматгадовую добрасумленную працу заслугоўвае вядучы архівіст установы Валянціна Пятроўна Гайдзель — незамянімы ў нашым калектыве чалавек. У розны час кіраўнікамі архіва былі Іван Антонавіч Клімза, Уладзімір Пятровіч Касарэўскі.
Жадаю ўсім сваім калегам і ветэранам архіўнай службы моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, дабрабыту і поспехаў у патрэбнай нашаму грамадству працы.
Сяргей РАЙЧОНАК.