Наш карэспандэнт даведаўся, як заканчваюць сельскагаспадарчы год працаўнікі ААТ “Даватарскі”

Сельское хозяйство

механізатар Яўгеній Баговіч

У сярэдзіне кастрычніка ўсталяваліся цёплыя дні, якія спрыяюць аграрыям у завяршэнні цыкла палявых работ. Як ідуць справы на сельскіх палетках, як заканчваюць сельскагаспадарчы год працаўнікі ААТ “Даватарскі”, мы даведаліся, калі накіраваліся ў гэту гаспадарку.
17 кастрычніка асноўная частка тэхнікі была задзейнічана на палявых работах паблізу вёскі Курылавічы, дзе ішло дыскаванне, баранаванне глебы і сяўба азімых. На 66-гектарным полі мы сустрэлі дырэктара гаспадаркі Андрэя Пальчэха і галоўнага агранома Іну Касарэўскую, якія пільна сачылі за ходам сельгасработ.
— Сёлета запланавана пасеяць 2000 гектараў азімых зерневых, — кажа Андрэй Паўлавіч. — Плошчы вялікія, аб’ёмы значныя, але шматлікія цяжкасці перашкаджаюць нам выканаць пастаўленыя задачы. Напрыклад, на гэтым полі землі сугліністыя, цяжкія. Каб падрыхтаваць глебу пад сяўбу, трэба некалькі разоў праехаць тэхніцы з дыскатарам, а гэта дадатковы расход паліва.
Дырэктар гаспадаркі мае рацыю. Адзін за другім па полі рухаюцца два энерганасычаныя трактары “Беларус” МТЗ-3522 у счэпе з дыскатарамі, кіруюць якімі Аляксандр Драбовіч і Яўгеній Баговіч. Апошні спыняе сваю тэхнікі, бярэ ў рукі металічны лом і адбівае з прычапнога агрэгата вялізныя камякі гліны.
— Бачыце, якая тут гліна? — кажа механізатар. — Каб апрацаваць адзін гектар зямлі, трэба зрасходаваць больш за 10 літраў дызпаліва. Учора ў мяне зламаўся дыскатар — тэхніка проста не вытрымлівае такой нагрузкі. Але працуем, нягледзячы на такія перашкоды, бо трэба закладваць аснову будучага ўраджаю.
Сяўбой зерневых займаўся механізатар Юрый Колас, Мікалай Лабуць падвозіў сеяльшчыку насенне. Як і ў мінулыя гады, дапамогу гаспадарцы аказваюць і тыя механізатары, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але заўсёды згаджаюцца прыняць удзел у сельгасработах. Да іх ліку належыць Валянцін Мядзюха. На трактары “Беларус” МТЗ-1221 ветэран працы праводзіць баранаванне, якое з’яўляецца абавязковым працэсам пры сяўбе зерневых культур.
— А чаму не дапамагчы гаспадарцы? — кажа механізатар. — Калі мяне просяць, то не магу адмовіць, бо ведаю, што ў цяперашні час у сельгаспрадпрыемствах не хапае трактарыстаў. Менавіта таму і даю сваю згоду.
— Сёлета на плошчы 67 гектараў мы ўпершыню пасеялі азімы ячмень, — зазначыла галоўны тэхнолаг палёў Іна Касарэўская. — Як і іншыя гаспадаркі, мяркуем, што гэта культура дасць нядрэнны ўраджай у будучым годзе. Па стане на 21 кастрычніка азімыя зерневыя ў нашым сельгаспрадпрыемстве пасеяны на плошчы 1001 гектар. Звыш запланаванага (1640 тон) сёлета назапасілі сена. Маем у наяўнасці 19300 тон сенажу, а гэта амаль на 5000 тон больш, чым планавалася. Кукурузы нарыхтавана звыш 5000 тон.
Нельга не адзначыць і той факт, што сёлета аграрыі ААТ “Даватарскі” сабралі дастойны ўраджай зерневых культур. Валавы збор склаў 6363 тоны, што на 3007 тон больш, чым у мінулым годзе. На раённых Дажынках, якія прайшлі ў аграгарадку Германавічы 7 кастрычніка, гаспадарка была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за трэцяе месца па вытворчасці зерня. Шэраг камбайнераў і вадзіцеляў таксама атрымалі ўзнагароды і грашовыя прэміі.
Пажадаем аграрыям “Даватарскага” паспяхова завяршыць сяўбу азімых культур і дастойна правесці вясеннюю пасяўную кампанію 2023 года.
Сяргей РАЙЧОНАК.