Дэпутат Павел Сільчонак прыняў удзел у дыялогавай пляцоўцы, якая прайшла ў СШ №1 гарадскоага пасёлка

Главное

Грамадскае абмеркаванне праектаў законаў “Аб Усебеларускім народным сходзе” і “Аб змяненнях Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь” завяршылася. У раёне было праведзена шмат сустрэч у працоўных калектывах, дыялогавых пляцовак з удзелам прадстаўнікоў улады і грамадства. Адбылася такая сустрэча і ў СШ № 1 гарадскога пасёлка з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Паўлам Сільчонкам.
— Сёння ў нашай краіне ў сувязі са змяненнямі ў Канстытуцыі вядзецца актыўная законатворчая дзейнасць. Гэта буйныя і маштабныя працэсы, якія накіраваны на ўдасканаленне палітычнай сістэмы, — адзначыў Павел Матвеевіч. — Факт таго, што новыя законапраекты не прымаюцца ў вузкім коле спецыялістаў, а выносяцца на шырокае грамадскае абмеркаванне, кажа пра тое, што ступень дэмакратычнасці беларускага грамадства істотна павялічваецца. Цяпер і самі людзі не жадаюць заставацца пасіўнымі назіральнікамі, а ўносяць свой уклад у развіццё краіны. Мы яскрава ўсведамляем, што ніхто, акрамя нас, не пабудуе дзяржаву, у якой жыць нам і нашым дзецям. Адсюль і вынікае неабходнасць такога сур’ёзнага і глыбокага абмеркавання таго, як мы будзем жыць далей. Таму цяпер стратэгічная задача — умацаванне палітычнай сістэмы пры дапамозе ўвядзення ў яе Усебеларускага народнага сходу ў якасці канстытуцыйнага органа.
У ходзе дыялогавай пляцоўкі Павел Сільчонак падрабязна расказаў аб падрыхтаваным парламентам законапраекце, структуры Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтвах дэлегатаў і арганізацыі іх будучай дзейнасці.
Парламентарый падкрэсліў, што дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў рабоце дыялогавых пляцовак рознага ўзроўню, праводзілі інфармацыйныя сустрэчы ў працоўных калектывах. Усяго праведзена каля 150 такіх мерапрыемстваў. Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага дыялогу будуць улічаны пры падрыхтоўцы праекта закона да разгледжання на сесіі Палаты прадстаўнікоў.
Павел Сільчонак дадаў: “УНС — гэта вызначэнне развіцця дзяржавы, грамадства, зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця. Фактычна яно будзе вызначаць перспектыву развіцця краіны на вызначаны перыяд. І гэта наш шлях развіцця”.
Сяргей РАЙЧОНАК.