
Адной з важнейшых кармавых культур з’яўляецца кукуруза. Яна цеплалюбівая, патрабуе добрай запраўкі глебы і вільгаці. Таму і сяўба яе праводзілася ў апошнюю чаргу, тады, калі добра прагрэлася глеба. Па раёне планавалася пасеяць “каралеву палёў” на плошчы 4500 гектараў. У тым ліку ААТ “Даватарскі” адводзіць пад гэту культуру 450 гектараў. Мы прыехалі ў гаспадарку, калі сяўба кукурузы вялася на апошніх 23 гектарах у аддзяленні Глісцёнкі. Якраз за фермай на ўчастку завяршаў дыскаванне глебы на трактары МТЗ-3022 з дыскатарам АД-600 механізатар Яўген Максімаў. На ўскрайку поля стаяў, з запраўленай пратручаным насеннем кукурузы сеялкай, сеяльшчык Мікалай Дарашчонак. Ён чакаў завяршэння падрыхтоўкі глебы і тут жа гатовы быў “рвануцца” у поле і засеяць апошнія гектары. Дарэчы, Мікалай Аляксеевіч — перадавы механізатар у гаспадарцы і не толькі. Калі патрабавалася яго дапамога ў час прыпару пасяўной кампаніі ў ААТ “Жвіранка” і “Юдыцына”, ён з ахвотай згадзіўся пасеяць ім патрэбныя плошчы, каб паскорыць ход пасяўной і зрабіў гэта акуратна і якасна.
— Колькі на вашым рахунку гектараў засеянага поля? — пытаемся ў механізатара.
Ён тут жа ўскочыў у кабіну свайго трактара МТЗ-3022 і паглядзеў на манітор кам’ютара. “Звыш 900 гектараў у мяне на рахунку”, — паведаміў механізатар.
Як стала вядома, к канцу таго ж дня даватарцы зрабілі справаздачу аб заканчэнні сяўбы кукурузы. Вечарам прайшоў спорны цёплы дождж, які пасадзейнічае росту культуры.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.

