18 лістапада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка у Палацы Незалежнасці правёў цырымонію ўзнагароджвання перадавікоў аграпрамысловага комплексу краіны. Удзел у маштабным мерапрыемстве прыняла і дэлегацыя нашага раёна ў складзе старшыні райвыканкама Дзмітрыя Ламака і трактарыста-машыніста ААТ “Даватарскі” Юрыя Ардынскага. Юрый Геронцьевіч падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі аб паездцы:
— Асноўная частка мерапрыемства праходзіла ў зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці. Мы разам з кіраўніком Шаркаўшчынскага раёна Дзмітрыем Міхайлавічам Ламака былі сярод яго ўдзельнікаў. Там прысутнічалі людзі розных прафесій: ад механізатараў і жывёлаводаў да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і раёнаў. Кожны з іх унёс свой уклад у харчовую бяспеку краіны. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка павіншаваў усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК з прафесійным святам, а перадавікам уручыў дзяржаўныя ўзнагароды.
Кожны беларус, і я ў тым ліку, разумеем, што дабрабыт дзяржавы, наша харчовая бяспека знаходзяцца ў нашых руках. Руках механізатараў і аграномаў, жывёлаводаў, ветэрынараў, работнікаў перапрацоўчых прадпрыемстваў — усіх, хто заняты ў аграпрамысловым комплексе.
Прэзідэнт сказаў, і з гэтым нельга не пагадзіцца, што дабрабыт роднага краю заўсёды трымаўся на плячах тых, хто апрацоўваў зямлю, сеяў, садзіў, збіраў ураджай і пёк хлеб. Аляксандр Рыгоравіч выказаў вялікую ўдзячнасць за працу, за рэкордны ўраджай, які сабралі ў гэтым годзе. Намалочана больш дзесяці з паловай мільёнаў тон зерня. Гэта амаль на паўтара мільёна больш, чым у мінулым годзе.
Пасля выступлення Прэзідэнта краіны і правядзення цырымоніі ўзнагароджвання ўсе прысутныя мелі магчымасць наведаць Палац Рэспублікі, дзе для работнікаў сельскай гаспадаркі сваё песеннае майстэрства прадэманстравалі лепшыя калектывы і выканаўцы беларускай эстрады. Паездка ў сталіцу надоўга застанецца ў маёй памяці. Я шчыра ўдзячны яе арганізатарам за магчымасць пабываць на рэспубліканскім форуме, убачыць і пачуць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.
Юрый Ардынскі з маладосці працуе на зямлі, на сваёй малой радзіме. Ён — перадавы механізатар і камбайнер ААТ “Даватарскі”. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Юрый Геронцьевіч з году ў год дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў. На трактары “Беларус” МТЗ-82 выконвае транспартныя работы, праводзіць ворыва, уносіць мінеральныя ўдабрэнні і іншае. Калі надыходзіць жніво, ён садзіцца за штурвал камбайна і ўбірае збажыну. На працягу многіх гадоў Юрый Ардынскі з’яўляецца бясспрэчным лідарам па намалочаных тонах сярод камбайнераў раёна. Вось і сёлета хлебароб адправіў у дзяржаўныя засекі 2318 тон зерня. У сваім “арсенале” мае шматлікія ўзнагароды. Сёлета скарбонка камбайнера папоўнілася Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама, дыпломам ААТ “Глыбоцкі МКК”. Як кажуць, па працы і пашана.
Сяргей РАЙЧОНАК.
