У Шаркаўшчынскай ПМК-68 урачыста праводзілі на заслужаны адпачынак Васілія Зубовіча, які ўзначальваў арганізацыю з 2013 года

Главное

Выхад на заслужаны адпачынак — асаблівая падзея ў жыцці кожнага чалавека, момант, калі пройдзены працоўны адрэзак жыццёвага шляху і настаў час падвесці вынікі сваёй дзейнасці.
22 лістапада работнікі Шаркаўшчынскай перасоўнай механізаванай калоны № 68 сабраліся разам, каб урачыста праводзіць на заслужаны адпачынак свайго дырэктара Васілія Зубовіча. Прыйшлі таксама старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака і яго намеснік Андрэй Шынкевіч.
— Васілій Канстанцінавіч, усё сваё працоўнае жыццё вы прысвяцілі сферы будаўніцтва, — прамовіў кіраўнік раёна. — У 2013 годзе вы ўзначалілі працоўны калектыў ПМК-68. Час гэты для арганізацыі быў вельмі складаны: змяншаліся калектыў спецыялістаў, аб’ёмы работ, павялічвалася фінансавая запазычанасць перад шматлікімі структурамі. Наогул, адзіная будаўнічая арганізацыя раёна тады апынулася на мяжы банкруцтва. Але вы, Васілій Канстанцінавіч, не спасавалі перад цяжкасцямі, а змаглі згуртаваць працоўны калектыў і пакрысе выйсці на стабільныя рэйкі работы. За доўгія гады працы вы зарэкамендавалі сябе адказным работнікам, які з’яўляецца для многіх калег прыкладам. Жадаем вам заставацца такім жа бадзёрым, жыццярадасным чалавекам, якім мы вас усе ведаем. Няхай родныя і блізкія людзі дараць вам клопат і ўвагу! Поспехаў вам, здароўя і жыццёвага дабрабыту!
Старшыня райвыканкама ўручыў Васілію Канстанцінавічу Ганаровую грамату камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў будаўнічай галіне і значны асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства.
Васілій Зубовіч яшчэ ў дзяцінстве марыў стаць будаўніком, тым больш, што бацька працаваў у будаўнічай брыгадзе саўгаса імя Маркава, з маленства прывучаў сына да працы. Пасля заканчэння Шаркаўшчынскай сярэдняй школы і тэрміновай службы ў арміі Васілій Канстанцінавіч вучыўся ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце. Па размеркаванні малады спецыяліст з кваліфікацыяй інжынера-будаўніка трапіў у горад Снечкус Літоўскай ССР, паблізу якога ўзводзілася Ігналінская атамная электрастанцыя. На ўсесаюзнай будоўлі працаваў майстрам, потым прарабам. З распадам Савецкага Саюза вярнуўся ў родныя мясціны. Тагачасны старшыня райвыканкама Леанід Клакоўскі прапанаваў працу ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва.
— За гэты час у гарадскім пасёлку і раёне пабудавана шмат сацыяльных і вытворчых аб’ектаў, жылля, — успамінае Васілій Канстанцінавіч. — Сярод асноўных можна ўспомніць мост у гарадскім пасёлку праз раку Дзісна, трохпавярховы будынак райпаліклінікі, сярэднюю школу ў Вялікім Сяле, даільныя залы ў Більдзюгах, жывёлагадоўчы комплекс у Пашках, шматкватэрныя жылыя дамы ў Шаркаўшчыне і сельскай мясцовасці і іншыя новабудоўлі.
Я вельмі ўдзячны ўсім сваім калегам, з кім давялося разам працаваць дзеля будучыні шаркаўчан. Спадзяюся, што і надалей перасоўная механізаваная калона № 68 будзе нарошчваць аб’ёмы работ, верне ранейшыя пазіцыі, стане запатрабаванай будаўнічай арганізацыяй на рынку працы. Сёння ж я адкрываю новую старонку сваёй кнігі жыцця. Цяпер можна цалкам прысвяціць сябе сям’і, любімым справам, адпачынку.
Шаркаўшчынскую ПМК-68 з 22 лістапада ўзначаліў Васілій Бягун, які да гэтага часу з’яўляўся галоўным інжынерам дадзенай арганізацыі.
Сяргей РАЙЧОНАК.