У КУВСП «Гарадзец» першымі ў раёне пачалі корманарыхтоўку

Сельское хозяйство

механізатар Іван Палідовец

Глеба добра насычана вільгаццю. Першыя веснавыя азотныя падкормкі і цёплае паветра садзейнічаюць хуткаму росту травы. Цяпер стаіць задача перад корманарыхтоўшчыкамі — своечасова скасіць яе і закласці на корм жывёле.

У КУВСП “Гарадзец” на ранейшых пасевах выпусціла колас купкоўка, значыць, пара касіць. Без прамаруджвання, першымі ў раёне, выехалі ў поле тутэйшыя корманарыхтоўшчыкі. Ва ўрочышчы “Аэрадром Казачкі” на плошчы каля 100 гектараў роўнае, як стол, поле (нездарма ж раней тут быў аэрадром), дзе цёмна-зялёнымі хвалямі пераліваецца каласістая трава. У работу ўключыліся механізатары Іван Палідовец з касілкай Е-303 і Аляксандр Каснікоўскі — з Е-302. Трэба сказаць, што ў абодвух механізатараў тэхніка не новая, а даўно выпрацавала свой рэсурс. Напрыклад, Е-302 выкарыстоўваецца механізатарам 31-ы сезон. Аднак у вопытных спецыялістаў тэхніка працуе бездакорна. Кожны працуе на адведзеным яму ўчастку сенажаці. Роўнымі радамі сцеляцца за праходамі касілак пракосы густой травы.

Аб ходзе корманарыхтоўкі расказаў намеснік дырэктара па вытворчых пытаннях гаспадаркі Васілій Баляслававіч Недзведзь:

— Сёлета будуць скошаны травы на плошчы 1492 гектары. Прычым, з першага ўкосу — 1109 гектараў. На зімова-стойлавы перыяд назапасім 7066 тон кармавых адзінак. У тым ліку будзе нарыхтавана сена — 1260 тон (уключаючы і грамадскае), 12600 — сенажу і 12100 сіласу.

Пройдзе пару дзён і правяленую масу будзем здрабняць у трактарныя прычэпы  і адвозіць спачатку да фермы Канавалава, дзе падрыхтаваны чатыры траншэі. Мяркуецца ў кожную ёмістасць закладваць па 1200—1500 тон сенажу за тры дні. Тым самым захаваем якасць назапашанага корму. Гэтаму пасадзейнічаюць падрыхтаваныя да касьбы тэхніка і настрой механізатараў. Пры масавай касьбе далучацца да касцоў з касілкамі Аляксандр Осіпаў і Фёдар Бягун.

На здрабненні правяленай масы будуць працаваць дзве адзінкі КВК-800, адзін КЗР-10, на адвозцы — 9—10 транспартных адзінак.

Хутка расце трава. Наступны аб’ект для касьбы — участак купкоўкі ў 70 гектараў ва ўрочышчы Стоміна.

І так касавіца ў гаспадарцы з кожным днём набірае тэмпы.

механізатар Аляксандр Каснікоўскі

Для корманарыхтоўшчыкаў прадугледжаны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання, па-ранейшаму наладжана добрае двухразовае харчаванне.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *