2 снежня першы намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Чабатар падчас рабочай паездкі па Віцебскай вобласці наведаў Шаркаўшчыну. Мэтай візіту стала азнаямленне з ходам рэканструкцыі былога памяшкання для агародніны пад вытворчы аб’ект.
Размешчаны ён па завулку Савецкім, за памяшканнямі кансервавага завода. Дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Арганічныя прадукты” Ігар Садоўскі набыў дадзены аб’ект з мэтай размяшчэння ў ім шматпрофільнай харчовай плодаагароднінай перапрацоўчай вытворчасці. У будучым на вызначаных плошчах плануецца арганізаваць перапрацоўку садавіны і гародніны, выпуск сокаў, жэле, вырабаў з бульбы. Ігар Садоўскі і яго бацька Анатолій Ігаравіч, які з’яўляецца заснавальнікам дадзенага таварыства, падрабязна расказалі першаму намесніку Міністра эканомікі краіны Юрыю Чабатару пра ход рэканструкцыі памяшкання, асвоеных грашовых сродках на рамонтныя работы, закупку тэхналагічнага абсталявання.
У сустрэчы прынялі ўдзел і выказалі сваё меркаванне начальнік упраўлення прагназавання і аналізу інвестыцыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі краіны Арцём Андрэеў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжэліка Нікіціна, старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Вераніка Забалуева, начальнік філіяла ААТ “Банк развіцця” г. Віцебск Сяргей Лапеха, а таксама старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака і яго намеснік па эканоміцы Ірэна Бука.
Сяргей РАЙЧОНАК.

