Нарыхтоўка кармоў набірае тэмпы ў ААТ «Даватарскі»

Сельское хозяйство

Корманарыхтоўка ў ААТ “Даватарскі” з кожным днём набірае тэмпы, прычым, дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю, падрыхтаванасці тэхнікі, настрою механізатараў работы вядуцца з захаваннем тэхналогічных патрабаванняў. А пачалі нарыхтоўку кармоў з аддзялення Сасноўцы, менавіта там, на ўчастках уздоўж шасэйнай дарогі, паспела разнатраўе. Непадалёку, каля жывёлагадоўчай фермы Сасноўцы, падрыхтаваны да прыёмкі новых кармоў чатыры сянажныя траншэі. Скошаная трава пад пякучымі промнямі сонца за пару дзён правялілася. Пракосы збіваюцца ў большыя валкі. Засталі мы ў полі механізаваны атрад з раніцы. Але пакуль спала раса, механізатары правялі прафілактычныя работы з тэхнікай, каб увесь дзень працаваць без паломак. Механізатар Віктар Туронак на КВК-800 здрабняе правяленую масу ў трактарныя прычэпы, якія рухаюцца побач. Адлегласць да сянажных

механізатары Дзяніс Кляпко і Сяргей Седзюкевіч

траншэй блізкая, таму спраўляюцца на адвозцы ўдваіх — Сяргей Седзюкевіч і Дзяніс Кляпко. На трактарах МТЗ-3022 у счэпе з ПС-45 за рэйс кожны можа перавезці да 9 тон. А пры ўмове, калі тэхніка працуе цэлы дзень без паломак, да 80 тон выходзіць, як кажуць, на брата. На наступным кармавым полі да іх далучацца і іншыя механізатары па адвозцы масы, бо фронт работ з кожным днём узрастае. Трамбуе дастаўленую ў траншэю масу на трактары Віктар Рухля. А ў начную змену — на трактары К-744, як і ў ранейшыя гады, задзейнічаны Аляксандр Драбовіч. У корманарыхтоўшчыкаў добры настрой. Бо трава вырасла сёлета на славу, а значыць, можна зарабіць нядрэнную капейку. Рабоце садзейнічае добрае надвор’е, бо дожджык, які прайшоў у папярэдні дзень ніколькі не перашкодзіў, а наадварот, паспрыяў хуткаму адрастанню атавы.

Кацярына СОСНА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *