
У кожнай вёскі — свая гісторыя, свае традыцыі і жыхары. Менавіта пра гэта мы і хочам расказаць на старонках раённай газеты ў нашым чарговым праекце “Маленькай радзімы куточак”.
Першым населеным пунктам на нашым маршруце стаў аграгарадок Радзюкі. Чаму? Напэўна, таму, што маюць яны сваю багатую гісторыю і слаўнае сучаснае. Людзі тут здаўна шчыра працавалі, гадавалі дзяцей, не патрабуючы для сябе розных выгод, умелі быць удзячнымі за тое, што мелі, усёй вёскай святкавалі нараджэнне дзяцей і вяселлі, разам развітваліся з тымі, хто знайшоў вечны спачын, адзін аднаму прыходзіліся калі не раднёй, дык кумамі ці сватамі.
Крыху гісторыі
Размяшчаюцца Радзюкі за тры кіламетры ад Шаркаўшчыны абапал аўтамабільнай шашы, якая вядзе на Глыбокае. Мясціны тут маляўнічыя і людзі жывуць старанныя і працавітыя. З поўдня на поўнач працякае невялікая рачулка Бярозаўка, аспетая ў вершах шаркаўшчынскіх паэтаў. Менавіта на беразе гэтай ракі калісьці стаяў маёнтак паноў Бароўскіх, якія належалі да знакамітага шляхецкага роду і мелі ўласны герб. Старэйшы прадстаўнік роду Антон Бароўскі ў 1825 годзе набыў маёнтак у графа Бжастоўскага з Мосара.
Існуе меркаванне, што назва вёскі, а цяпер аграгарадка, пайшла ад імя паненкі з роду Бароўскіх, чыім уладаннем і быў населены пункт. Каля яе сядзібы раслі шыкоўныя кветнікі — нібы рай. Таму і казалі: “Пойдзем палюбуемся раем у Дзюкі”. Па адным з меркаванняў, Дзюка — вытворнае ад жаночага імя Ядзюнька, Радзюнька.
“Візітная картка” аграгарадка

Радзюкі славяцца не толькі працавітымі людзьмі, але і народным аматарскім аб’яднаннем нацыянальнай кухні “Груца”, якое дзейнічае пры мясцовым сельскім Доме культуры. На працягу 25-ці год удзельнікі калектыву радуюць шаркаўчан стравамі, прыгатаванымі па старадаўніх рацэптах нашых продкаў. Ля вытокаў стварэння стаяла жыхарка Радзюкоў, вельмі таленавітая жанчына Ларыса Шпак, якой, на жаль, ужо няма ў жывых. Яна разам са сваёй дачкой Людмілай Лазовік аб’яднала мясцовых жанчын у аматарскае аб’яднанне, удзельніцы якога сталі займацца адраджэннем, вывучэннем і распаўсюджваннем страў нацыянальнай кухні. Дарэчы, Ларыса Іванаўна мела і паэтычны талент. Яе творы мясцовыя музыканты паклалі на музыку і выконваюць падчас культурна-масавых мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць гаспадыні з “Груцы”. Сёння радзюкоўскіх кулінараў ведаюць далёка за межамі Шаркаўшчынскага раёна і Віцебскай вобласці, бо аматарскае аб’яднанне даўно ўжо стала “візітнай карткай” не толькі Радзюкоў, але і ўсяго Прыдзісненскага краю.
Другая радзіма

Міхаіл Фамянок нарадзіўся і вырас у Жлобінскім раёне, што на Гомельшчыне. Свой працоўны шлях ён пачаў у галіне сельскай гаспадаркі. З’яўляўся брыгадзірам трактарнай брыгады адной з гаспадарак Светлагорскага раёна. Затым узначаліў інжынерную службу, а потым стаў кіраваць сельгаспрадпрыемствам. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС разам з сям’ёй быў вымушаны змяніць месца жыхарства. Такім чынам Фамянкі апынуліся ў Радзюках. Міхаіл Уладзіміравіч быў прызначаны кіраніком саўгаса імя Маркава, а яго жонка Валянціна Пятроўна стала працаваць эканамістам у гэтай жа гаспадарцы. У 1998 годзе Міхаіл Фамянок узначаліў Шаркаўшчынскі філіял абласнога прадпрыемства “Віцебскаблпаліў” і на пасадзе дырэктара арганізацыі, якая лічыцца адной з лепшых у вобласці, ён працуе па сённяшні дзень. Дачка і сын выбралі свае жыццёвыя дарогі. Фамянкі трымаюць гаспадарку, апрацоўваюць зямельны надзел. А яшчэ Міхаіл Уладзіміравіч мае ўласную пчолапасеку. Мёд, па словах гаспадара, не толькі смачны ласунак, але найперш, выдатныя лекі, падораныя чалавеку прыродай, а догляд пчолаў — супакаенне для душы.
Шчасце — у дружнай сям’і
У цяперашні час большасць моладзі пасля заканчэння школы едзе ў горад на далейшую вучобу, там жа застаецца жыць, ствараючы сем’і. Вадзім Странчэўскі не здрадзіў родным Радзюкам, не змяніў вясковае жыццё на гарадское. І хоць у хлопца была такая магчымасць, калі вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, але ён, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, цвёрда вырашыў, што вернецца ў родныя мясціны, дзе жывуць бацькі, родныя людзі, сябры. На малой радзіме Вадзім і яго спадарожніца жыцця Вікторыя стварылі сям’ю, у іх трое дзетак. Вадзім працуе галоўным інжынерам у адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына”, а Вікторыя — хатняя гаспадыня, знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску — даглядае малодшую дачушку Сашаньку, якой 16 студзеня споўняцца два годзікі. У сям’і падрастаюць яе старэйшая сястрычка Яўгенія і брацік Арцём. Хапае клопатаў і шматдзетнаму бацьку. Трэба рана ўстаць, каб трапіць на работу ў Іёды. Вярнуўшыся дадому, дапамагае жонцы, вольную хвілінку бавіць з маленькімі дзецьмі. У выхадныя ж дні Вадзім заняты новабудоўляй. Маладая шматдзетная сям’я узводзіць свой уласны дом у Радзюках, мяркуюць у хуткім часе пераехаць у новае жыллё. А пакуль жывуць яны разам з бацькамі Вадзіма Станіславам Алегавічам і Святланай Віктараўнай.
За зімою прыйдзе вясна…
У цяперашні час у Радзюках пражывае 470 чалавек. Населены пункт з 2008 года мае статус аграгарадка, з’яўляецца цэнтрам сельгаспрадпрыемства імя Маркава. Тут ёсць сельвыканкам, сельскі Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, паштовае аддзяленне, магазін, кафэ.
На жаль, у 2021 годзе ў аграгарадку закрылі мясцовую “дзевяцігодку” як малакамплектную. Цяпер радзюкоўскія дзеці наведваюць дзіцячыя сады і школы ў гарадскім пасёлку, куды іх возіць школьны аўтобус.
— За зімою прыйдзе вясна і вуліцы нашых Радзюкоў зноў напоўняцца дзіцячымі гарэзлівымі галасамі, — з усмешкай прамовіла жыхарка аграгарадка Вольга Рамановіч.

Нездарма ў народзе кажуць, што вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Няхай жа так будзе заўсёды!
Паважаныя чытачы! У гэтым матэрыяле мы не змаглі расказаць пра іншых жыхароў аграгарадка. Кожны з іх, несумненна, заслугоўвае таго, каб пра яго ведалі і шаркаўчане, і жыхары вобласці, краіны. У будучым мы абавязкова будзем вам расказваць пра іх. А цяпер жа мы накіроўваемся ў далейшае падарожжа па нашых вялікіх і маленькіх вёсачках. Да хуткай сустрэчы!
Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.