Беларускі саюз афіцэраў: 30-годдзе аб’яднання

Общество

«На сегодняшних ярких примерах

На сраженьях, что память хранит,

Белорусский союз офицеров

Для страны патриотов растит!»

Гэтыя вершаваныя радкі — галоўны дэвіз грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў», якога яно няўхільна прытрымліваецца на працягу трох дзесяцігоддзяў. 20 верасня 1992 года адбыўся першы ўстаноўчы з’езд Беларускага саюза афіцэраў, які і стаў кропкай адліку існавання гэтага аб’яднання. Нядаўна адна з найбуйнейшых грамадскіх арганізацый краіны адзначыла сваё 30-годдзе. Беларускі саюз афіцэраў быў створаны як грамадская структура, якая аб’ядноўвае ў сваіх радах афіцэраў і прапаршчыкаў запасу, у адстаўцы, а таксама тых, хто праходзіць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і іншых сілавых ведамствах. Прадметам дзейнасці БСА ў дадзены момант з’яўляецца ваенна-патрыятычная работа, садзейнічанне падтрыманню належнай абароназдольнасці, стварэнне неабходных умоў і магчымасцей для эфектыўнага выкарыстання ў нацыянальных інтарэсах патэнцыялу і вопыту афіцэрскага складу.

Стварэнне арганізацыі

У красавіку 2006 года ваенны камісар Шаркаўшчынскага райваенкамата Анатолій Каляда выступіў з ініцыятывай стварэння раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў». Арганізацыйны сход прайшоў 26 красавіка ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, на ім прысутнічалі 26 чалавек. На сходзе быў абраны савет у складзе пяці чалавек. У яго ўвайшлі падпалкоўнікі Валянцін Куклін, Раман Більдзюга, Анатолій Каляда, Уладзімір Барадулін і маёр Мікалай Еўдакімаў. Рашэннем савета на пасаду старшыні быў абраны падпалкоўнік Валянцін Куклін. Такім чынам, першапачаткова ў склад Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі БСА ўвайшло 26 чалавек.

Станаўленне арганізацыі праходзіла цяжка. Быў такі перыяд, калі раённае аб’яднанне амаль спыніла сваё існаванне. Людзі ўступалі і выходзілі з яго. Але з цягам часу сітуацыя змянілася ў лепшы бок. 26 сакавіка 2013 года новым старшынёй быў абраны камісар Шаркаўшчынскага райваенкамата падпалкоўнік Андрэй Дубовік. У склад савета ўвайшлі падпалкоўнік Аляксандр Асятроў, маёры Валерый Ліпскі, Дзмітрый Уткін, капітан Валерый Латышонак. Дзень 26 сакавіка, па сутнасці, стаў другім днём нараджэння арганізацыі.

Актыўная грамадская дзейнасць

Асабістая ініцыятыва і аўтарытэт старшыні аб’яднання і мэтанакіраваная работа членаў савета з’ядналі ў арганізацыі не толькі афіцэраў і прапаршчыкаў запасу, у адстаўцы і якія праходзілі службу ва Узброеных Сілах, але і дзеючых афіцэраў Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дэпартамента аховы, раённага аддзела Следчага камітэта, пракуратуры. Членамі арганізацыі сталі 54 афіцэры і прапаршчыкі. Аб’яднанне вырасла не толькі колькасна, але і якасна. Раённая арганізацыя БСА ўзмацніла работу па прыцягненні афіцэраў і прапаршчыкаў да актыўнай грамадскай дзейнасці па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўцы яе да вайсковай службы. Арганізацыя стала цесна супрацоўнічаць з раённай уладай, ваенкаматам, навучальнымі ўстановамі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. Часцей сталі сустракацца з прызыўнікамі, вучнямі, прымаць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праходзілі ў раёне. Кожны год у межах дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» члены БСА  з падарункамі наведваюць дзіцячы дом сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічны Цэнтр, каб павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, з каляднымі і навагоднімі святамі. Яны ж аказваюць дапамогу ўстановам адукацыі ў арганізацыі і правядзенні вучэбна-палявых збораў, ваенна-патрыятычных лагераў у летні перыяд, ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца».

Дзень сённяшні

23 лютага 2016 года ў сувязі з пераменай месца жыхарства падпалкоўніка Андрэя Дубовіка новым кіраўніком раённай арганізацыі БСА быў абраны падпалкоўнік Валерый Ан. Сёння раённае аб’яднанне «Беларускі саюз афіцэраў» налічвае 80     чалавек.

Члены арганізацыі неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі і падзякамі на раённым і абласным узроўнях за непасрэдны актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі.

Па ініцыятыве членаў раённага аб’яднання БСА і яго старшыні збіраліся грашовыя сродкі на стварэнне і ўстаноўку памятнага знака, прысвечанага памяці Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. У 2018 годзе пры фінансавай дапамозе сярод навучэнцаў Шаркаўшчынскай і Лужкаўскай дзіцячых школ мастацтваў прайшоў конкурс малюнкаў, прысвечаны 515-годдзю Шаркаўшчыны. У тым жа годзе Рэспубліканскім саветам ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Шаркаўшчынская раённая арганізацыя БСА была прызнана лепшай у Віцебскай вобласці. Праз год члены раённай арганізацыі прынялі ўдзел у сумесным беларуска-расійскім аўтапрабегу «Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці.».

Адным са значных дасягненняў кіраўніцтва і актывістаў раённай арганізацыі БСА стала садзейнічанне ў прысваенні сярэдняй школе № 2 гарадскога пасёлка імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. Гэта падзея адбылася ў 2021 годзе. Цяпер навучальная ўстанова райцэнтра носіць ганаровае імя нашага славутага земляка.

У сакавіку 2022 года на возеры Дрывяты Браслаўскага раёна прайшоў першы конкурс па рыбнай лоўлі, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста, былога ваеннага камісара Шаркаўшчынскага райваенкамата і першага старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Валянціна Кукліна.

Восенню мінулага года ў Мінску адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 30-гадоваму юбілею Беларускага саюза афіцэраў. Удзел у мерапрыемстве прыняў і Валерый Ан. Выпушчаны юбілейны нагрудны знак, прысвечаны гэтай знакавай даце.

— Беларускія афіцэры — гэта тыя людзі, якія могуць і павінны дзяліцца сваім багатым жыццёвым вопытам з падрастаючым пакаленнем, — прамовіў падчас урачыстасці старшыня Беларускага саюза афіцэраў Іван Гардзейчык. — Сёння для нас самая галоўная задача — зрабіць усё магчымае, каб неба над нашай краінай было мірным.

Сяргей РАЙЧОНАК. Фото из архива редакции.