Ва ўсіх на слыху трагедыя, якая адбылася 20 лютага на трасе Р-69 каля горада Смалявічы Мінскай вобласці. У жудаснай аўтакатастрофе пры лабавым сутыкненні маршруткі і грузавога МАЗа загінулі 11 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх. Яшчэ 9 грамадзян знаходзяцца ў бальніцах.
На наступны дзень, 21 лютага, пад Баранавічамі ў аўтамабільнай аварыі загінулі два чалавекі. Зусім нядаўна аўтакатастрофа адбылася ў Докшыцах, там загінула 17-гадовая дзяўчына-падлетак, медыкі не змаглі выратаваць яе жыццё. Кожны дзень на дарогах нашай краіны адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні, на жаль, часта гінуць людзі.
З мэтай прафілактыкі бяспечнага перавозу пасажыраў, захавання Правіл дарожнага руху, належнай эксплуатацыі аўтамабіляў у малой зале райвыканкама прайшла сустрэча старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ РАУС Івана Ганебнага з прадстаўнікамі арганізацый, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, а таксама з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць гэты від дзейнасці. Праводзіў сустрэчу намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шынкевіч.
У сваім выступленні Іван Пятровіч акцэнтаваў увагу прысутных на абавязковым выкананні ўсіх існуючых патрабаванняў пры ажыццяўленні перавозак пасажыраў. Ні ў якім разе нельга ігнараваць самыя элементарныя правілы. Усе добра ведаюць, якая дакументацыя павінна быць у той ці іншай арганізацыі, якія існуюць патрабаванні да вадзіцеляў транспартных сродкаў і тых спецыялістаў, хто адказвае за спраўны стан аўтамабіляў і іх выпуск на маршрутную лінію. Тым не менш, як падкрэсліў прадстаўнік аддзялення ДАІ РАУС, здараюцца выпадкі, калі вадзіцелі аўтамабіляў садзяцца за руль без праходжання абавязковага медыцынскага агляду. Здараецца і так, што ў аўтамабілях няма медыцынскіх аптэчак, вогнетушыцеляў, знакаў аварыйнага прыпынку і іншага. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на школьныя аўтобусы, якія задзейнічаны пры перавозцы дзяцей. Вельмі добра, што тут уся работа наладжана ў адпаведнасці з існуючымі патрабаваннямі заканадаўства.
Іван Пятровіч прадэманстраваў відэасюжэты, фотаздымкі, на якіх адлюстраваны жудасныя моманты аўтакатастроф, прычыны іх ўзнікнення і вынікі. Прысутныя разам абмеркавалі дадзеную інфармацыю і прынялі яе да ведама.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара