У 1963 годзе свае лёсы ў адзін звязалі Віталій Аляксандравіч і Раіса Вячаславаўна Туронкі з Каўшэлева і пражылі разам у любові і згодзе 60 гадоў, адзначыўшы нядаўна «брыльянтавае вяселле».
— Нарадзіліся мы ў гэтай жа вёсцы, пражылі ўсё жыццё тут, — кажа Раіса Вячаславаўна. — Шчыравалі, працавалі на карысць сваёй сям’і і сваіх родных. Я была лабарантам, адсочвала якасць малака, якое даілі калгасныя аператары машыннага даення і вяскоўцы. Адпрацавала на гэтай пасадзе 39 год. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Неаднаразова выбіралася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. За сумленную працу ўзнагароджана шматлікімі граматамі і падзякамі ад кіраўніцтва калгаса і раёна.
Віталій Аляксандравіч, як і большасць вясковых мужчын, працаваў у калгасе механізатарам.
— Пасля школы я паехаў набываць прафесію трактарыста ў Опсаўскае вучылішча механізацыі, — успамінае мужчына. — Працаваў на трактарах самых розных мадэляў і мадыфікацый. Сярод іх былі «Беларус» МТЗ-2, гусенічныя ДТ-54, ДТ-75. А перад выхадам на пенсію атрымаў «Беларус» МТЗ-82. Як і ўсе механізатары, я выконваў розныя работы: араў глебу, сеяў зерне, лён, садзіў бульбу, буракі.
За сваю сумленную працу ў 1973 годзе Віталій Аляксандравіч быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», а ў 1978 годзе перадавому трактарысту ўручылі яшчэ і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Такія высокія ўзнагароды не кожны чалавек мог атрымаць. У нашым раёне не вельмі многа людзей, якія ў свой час мелі гонар быць узнагароджанымі ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны».
Да таго ж, у 1978 годзе Віталій Аляксандравіч ад імя кіраўніцтва калгаса за высокія вытворчыя паказчыкі падчас правядзення пасяўной кампаніі ў якасці падарунка атрымаў ва ўласнае карыстанне матацыкл маркі «Каўровец».
Віталій Аляксандравіч і Раіса Вячаславаўна выхавалі сына Сяргея. Маюць чатырох унучак, пяць праўнукаў, якія вельмі радуюць сэрца пажылых людзей.
— Вельмі шкада, што настаў такі час, калі пусцеюць вёскі, — кажа мужчына. — У Каўшэлеве цяпер жыве каля ста чалавек, у асноўным, гэта людзі сталага ўзросту. Вельмі, хочацца, каб на вуліцах нашай вёскі заўсёды гучалі гарэзлівыя дзіцячыя галасочкі. Бо дзеці — гэта працяг жыцця, гэта наша будучыня, наш заўтрашні дзень.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

