Адзначана старанная праца жывёлавода МТФ «Жукоўшчына» Марыны Пятровай

Сельское хозяйство

Шмат год аператарам па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы на МТФ «Жукоўшчына» адкрытага акцыянернага таварыства «Даватарскі» працуе Марына Пятрова.

— У сферы жывёлагадоўлі я з тых часоў, калі існаваў калгас «Іскра», — кажа Марына Пятроўна. — У 2003 трэцім годзе прайшло ўзбуйненне гаспадарак, наша сельгаспрадпрыемства далучылі да СВК «Васюкі», а пасля да ААТ «Даватарскі». Праца гэта для мяне звыклая, бо сама нарадзілася ў вёсцы, бацькі ўсё жыццё шчыравалі ў калгасе, з дзяцінства прывучалі і мяне. У маім гурце утрымліваюцца цяляты да трохмесячнага ўзросту, усяго 74 галавы. Па выніках працы за тры месяцы 2023 года сярэднясутачная прывага жывёлы склала 419 грамаў. Буду старацца, каб у далейшым гэтыя паказчыкі раслі.

На справаздачным сходзе, які нядаўна прайшоў у сельгаспрадпрыемстве, Марына Пятрова за сваю старанную працу была ўзнагароджана каштоўным падарункам ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.