
23 чэрвеня ў праваслаўных вернікаў дзень Святой Тройцы (Сёмуха). Жыхары вёскі Зямцы вырашылі гэта свята прыўрочыць да дня вёскі. І гэта ў іх атрымалася.
Менавіта на Тройцу ўваходзіць у поўную моц зялёнае ўбранне зямлі. Асабліва прыгожымі выглядаюць у гэты дзень хаты, якія ўпрыгожаны галінкамі дрэў і травамі. Так было і ва ўмоўнай хаце на адным з падворкаў вёскі.
Як і ва ўсіх нашых вёсках, у Зямцах змяншаецца колькасць жыхароў. Аднак на свята сабралася шмат людзей, выйшлі з хат усе 36 сяльчан і 20 гасцей. Так што было каму глядзець выступленне вясковых майстроў сцэны. Трэба сказаць, што калі закрылася Слабадская сярэдняя школа, настаўнікі знайшлі сябе ў мастацкай самадзейнасці і з ахвотай ходзяць вечарамі ў мясцовы клуб на рэпетыцыі, каб пасля выступіць перад вяскоўцамі.
Свята пачалося з таго, што з прывітальным словам да прысутных выступіла старэйшына вёскі Анна Генадзьеўна Перхуровіч. Затым вядучыя пачалі даваць характарыстыку кожнаму жыхару вёскі. Расказалі пра іх працоўныя і жыццёвыя шляхі.
20 чалавек з’яўляюцца ветэранамі працы. Працягваюць яшчэ працаваць у роднай гаспадарцы (ААТ “Васюкі”) Іван Уладзіміравіч Перхуровіч, Алена Алегаўна Шпаковіч і Віктар Уладзіміравіч Касарэўскі. Дзякуючы ўзаемаразуменню і згодзе, крочаць па жыцці ўжо шмат гадоў разам Пётр Іканавіч і Лідзія Міхайлаўна Брэскія, Іван Уладзіміравіч і Юлія Антонаўна Шпаковічы, Мікалай Барысавіч і Таццяна Уладзіміраўна Райчонкі, Іван Уладзіміравіч і Анна Генадзьеўна Перхуровічы, Леанід Мар’янавіч і Алена Алегаўна Шпаковічы, Уладзімір Пятровіч і Ала Леанідаўна Іваноўскія.
У вёсцы падрастае моладзь — Каця Перхуровіч, Юля Шпаковіч, Алеся Шпаковіч і самая маленькая жыхарка Мар’яна Шпаковіч.
Вядучыя прыгадалі доўгажыхарак вёскі Я. А. Брэскую, М. У. Савелаву, Л. М. Буда, А. А. Шпаковіч.
Названы былі прозвішчы тых, хто нарадзіўся ў чэрвені.
Затым гледачоў чакалі музычныя нумары і гульнявая праграма. Сустракалі бурнымі апладысментамі самадзейных артыстаў, якія артыстычна сыгралі купалаўскую п’есу “Паўлінка”. Ролі галоўных герояў выконвалі былыя настаўнікі. А Іосіф Леанідавіч Квач яшчэ і на гармоніку грае. Дапамагала яму акампаніятар аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама Галіна Пятроўна Сафончык. Цікавы верш на тэму свята прачытала былая жыхарка вёскі, цяпер ужо госця, Валянціна Іосіфаўна Запруцкая. Свята парадавала прысутных. Аб гэтым гаворыць ужо той факт, што пажылыя людзі, вобразна кажучы, “пакідалі свае ляскі і кінуліся ў пляскі”. Яны праз газету выказваюць вялікую ўдзячнасць арганізатарам такога цудоўнага мерапрыемства і самадзейным артыстам Н. П. Кірыенка, М. В. Кірыенка, Г. П. Сафончык, Г. І. Сікора, І. Л. Квачу, Дашы і Насці Чабатаронак, Машы Райчонак, Аляксею Андрэйчыку, Машы Пахілка, Насці Квач, Віке Філіпенка, Лале Гуліевай і майстрыцы па пашыву моднага адзення для дэманстрацыі мод Л. І. Філіпенка.
Кацярына СОСНА.
Фота Валерыя КАВАЛЁНКА.
