Пры раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях створана грамадская арганізацыя ветэранаў пажарнай службы. Узначальвае яе былы супрацоўнік РАНС Сяргей Шошын.
Сяргея Іванавіча ведаюць як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Усё сваё працоўнае жыццё ён прысвяціў пажарнай службе ў органах па надзвычайных сітуацыях. У 1993 годзе пачынаў з інспектара пажарнага нагляду аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. У той час пажарныя часці падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных спраў. Потым з’яўляўся начальнікам каравула, інспектарам інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Шаркаўшчынскага РАНС.
— Усяго наша раённая ветэранская арганізацыя налічвае 17 чалавек, — тлумачыць Сяргей Іванавіч. — Асноўная мэта дзейнасці — аказанне дапамогі былым супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, віншаванне з юбілейнымі і прафесійнымі датамі. Мы заўсёды цікавімся жыццёвымі справамі, турботамі нашах былых калег. Аказваем падтрымку тым, хто ў гэтым мае патрэбу.
У часы існавання СССР 17 красавіка адзначалася дата — Дзень савецкай пажарнай аховы. З цягам часу даты прафесійных свят змяніліся, сталі называцца па-іншаму. Нязменным засталася толькі ўвагу з боку маладых выратавальнікаў-пажарных да сваіх старэйшых папярэднікаў па службе.
Кіраўніцтва Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у адзін з красавіцкіх дзён запрасіла былых пажарных, хто ў свой час змагаўся з вогненай стыхіяй, каб пагутарыць аб надзённых справах, даведацца, каму і якая дапамога патрэбна ў цяперашні момант. Падчас чаявання ў актавай зале РАНС адбылася сустрэча двух пакаленняў шаркаўшчынскіх выратавальнікаў. Ветэраны службы дзялілся з моладдзю ўспамінамі пра тыя гады, калі стаялі на варце спакою і дабрабыту землякоў. Цяперашнія супрацоўнікі расказвалі, якая ў іх цяпер матэрыяльна-тэхнічная база, якія формы і метады прымяняюць у сваёй рабоце. Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

