Любімая справа Ганны Мілевіч

Общество

На ўрачыстым сходзе ў Віцебску, прысвечаным ушанаванню лепшых жывёлаводаў вобласці па выніках працы за 2022 год, сярод прадстаўнікаў дэлегацыі Шаркаўшчынскага раёна была і Ганна Мілевіч. Наша зямлячка ўзнагароджана Падзякай Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».

Прафесія ветырынарнага ўрача — складаная і вельмі спецыфічная. Спецыялісты гэтай галіны заўсёды павінны дакладна ведаць, чым хварэе жывёла, якія медыцынскія прэпараты для лячэння ёй патрэбныя.

— Асноўнымі задачамі работнікаў раённай ветэрынарнай станцыі з’яўляюцца прафілактыка вострых інфекцыйных захворванняў жывёлы, дыягностыка даследвання супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў у сельгасвытворчасці, лячэнне розных відаў жывёлы у сельскагаспадарчых прадпрыемствах і ў прыватных падсобных гаспадарках, — кажа намеснік начальніка Шаркаўшчынскай райветстанцыі Ганна Мілевіч.

Ганна Казіміраўна свядома выбрала прафесію ветэрынарнага ўрача. Пасля заканчэння школы паступіла ў Лужаснянскі аграрны каледж. Два гады працавала па спецыяльнасці ў сельгаспрадпрыемстве «Маяк Браслаўскі» ў суседнім раёне. У душы маладога спецыяліста жыла прага да далейшай вучобы, таму жанчына паступіла ў Акадэмію ветэрынарнай медыцыны. У гэтай ВНУ Ганна Казіміраўна набыла спецыяльнасці ўрача агульнай практыкі, урача ветэрынарнай хірургіі і ўрача ветэрынарна-паталагічнай анатоміі. Неўзабаве яна змяніла месца жыхарства і працы, разам з мужам стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей. Амаль 20 год Ганна Казіміраўна працуе ў Шаркаўшчынскай райветстанцыі. У цяперашні час яна з’яўляецца намеснікам начальніка ўстановы.

— Акрамя вядзення адпаведнай спецыяльнай дакументацыі, я амаль кожны дзень ажыццяўляю рабочыя выезды на раён, — кажа мая суразмоўца. — У мае абавязкі ўваходзіць пастаноўка дыягназу для хворай жывёлы, распрацоўка плана мерапрыемстваў па яе лячэнні. А ўжо самім ходам лячэння займаюцца мае калегі — ветэрынарныя ўрачы. Акрамя таго, я праводжу планавыя праверкі жывёльных могільнікаў на прадмет захавання ветэрынарна-санітарных правіл і норм, даю адпаведныя заўвагі і рэкамендацыі.

З нядаўняга часу пры райветстанцыі створана і ажыццяўляе сваю дзейнасць пярвічка раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Ганна Казіміраўна з’яўляецца яе кіраўніком. Наперадзе ў Ганны Казіміраўны вялікі аб’ём вытворчай і грамадскай работы. Несумненна, з пастаўленымі задачамі граматны спецыяліст і адказны работнік абавязкова справіцца.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.