Першы крок у самастойнае жыццё

Молодежь Общество

Упершыню ў нашай краіне адбыўся цэнтралізаваны экзамен для вучняў адзінаццатых класаў агульнаадукацыйных навучальных устаноў. У нашым раёне ён прайшоў на базе сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына.

Усяго ўдзел у цэнтралізаваным экзамене прынялі 60 чалавек. Юнакі і дзяўчаты здавалі іспыт па прадметах беларуская або руская мовы (па выбары). На працягу дзвюх гадзін адзінаццацікласнікі выконвалі прапанаваныя заданні, каб набраць найбольшую колькасць балаў. Пасля заканчэння экзамену мы крыху пагутарылі з некаторымі выпускнікамі.

Дзмітрый БОНДАР, СШ № 2:

— Я здаваў экзамен па рускай мове. Загадзя рыхтаваўся да такога важнага і адказнага мерапрыемства. Канечне, хваляванне прысутнічала, але я стараўся на гэта не звяртаць увагі, цалкам засяродзіў сваю ўвагу на прадметных пытаннях і заданнях. Спадзяюся, мой асабісты вынік будзе дастойным.

Таццяна ГРЫЦ, Надзея МІРАНЧУК, Кірыл ЕРАХНОВІЧ, Вікторыя ДЗЮШКО, Павел ЗУБОВІЧ, СШ № 1:

— Мы здавалі іспыт па рускай мове (акрамя Кірыла Ерахновіча) і спадзяемся на высокі вынік. 21 мая нас чакае чарговы экзамен. Аднагалосна мы выбралі матэматыку. Чаму менавіта гэты прадмет? Справа ў тым, што кожны з нас плануе паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе будзе выкладацца менавіта матэматыка. У будучым, калі пашчасціць, мы станем эканамістамі, спецыялістамі ў галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі, будзем прыносіць карысць сабе і дзяржаве ў запатрабаваных на рынку працы прафесіях.

Жадаем вам поспехаў, шаркаўшчынскія выпускнікі! Няхай збудуцца вашы запаветныя мары і жаданні, да якіх вы ўпэўнена крочыце!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.