Вуліцы Шаркаўшчыны ў новай «вопратцы»

Актуальное Добраўпарадкаванне

 

Актыўнымі тэмпамі ў гарадскім пасёлку ідуць падрыхтоўчыя работы да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023». Прывабнае аблічча набываюць не толькі жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі, але і вуліцы раённага цэнтра.

Новае асфальтабетоннае пакрыццё пакладзена на вуліцах Скарыны, Даватара, Камуністычнай, Кастрычніцкай, часткова па Савецкай, Камсамольскай, Чырванадворскай і іншых. У пачатку тыдня па вуліцы Чырвонаармейскай, якая з’яўляецца транзітнай, работнікі дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26 займаліся ўкладкай новага асфальтабетоннага пакрыцця. За працэсам пільна сачылі кіраўнік арганізацыі Алег Латышонак і прараб Мікалай Табола.

— Вельмі добра, што ў Шаркаўшчыне будзе праходзіць такое маштабнае свята, — кажа Мікалай Серафімавіч. — К «Дажынкам» у гарадскім пасёлку будуць адрамантаваны шматлікія аб’екты інфраструктуры. Работнікі нашай арганізацыі таксама зацікаўлены ў гэтым. Цяпер мы заканчваем укладку асфальтабетоннага пакрыцця на вуліцах Чырвонаармейскай, Ціміразева, на аўтастаянцы каля ўніверсама «Журавінка». Гэты від работ будзем таксама ажыццяўляць на вуліцах Савецкай і Энгельса. Сваю важкую дапамогу нам аказваюць дарожныя арганізацыі ДРБУ-131, а таксама лінейна-дарожная дыстанцыя-353 ДЭУ-35.

Сапраўды, прыемна назіраць за тым, як гарадскі пасёлак і ўсе яго жыхары рыхтуюцца да абласных «Дажынак». Несумненна, гэты маштабны форум Шаркаўшчына сустрэне і правядзе на дастойным узроўні.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.