Супрацоўнік дэпартамента аховы — Аляксандр Міхайлавіч Арэхаў

Актуальное

У гарадскім пасёлку добра ведаюць гэтага прыветлівага ўсмешлівага чалавека — Аляксандра Міхайлавіча Арэхава. Аднак яго прафесія (а працуе ён міліцыянерам страявога падраздзялення міліцыі Шаркаўшчынскага Дэпартамента аховы) асацыіруецца са строгасцю і суровасцю. Таму калі трэба, усмешка зменіцца строгасцю, Аляксандр стане на ахове грамадскага парадку і  аднясецца з усёй суровасцю да яго парушальнікаў.

Аляксандр нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне, закончыў Глыбоцкае СПТВ-31, адслужыў у арміі, пачаў працаваць інструктарам па ваджэнні ў сельгаспрадпрыемстве Аршанскага раёна. Вось тут і прапанаваў знаёмы ўчастковы інспектар маладому хлопцу пайсці працаваць у органы МУС. Ён жа парэкамендаваў яго ў Аршанскую пазаведамасную ахову, у якой Аляксандр пачаў працаваць у 1981 годзе. У 1983 перавёўся ў аддзяленне аховы ў Докшыцы. А вось з 1986 па 1993 гады яму давялося папрацаваць ахоўнікам у калоніі асобага рэжыму ў Глыбокім з небяспечным кантынгентам. А ў Шаркаўшчыну прывяло героя нашага матэрыялу каханне. У 1987 годзе пазнаёміўся з маладой дзяўчынай Таццянай, неўзабаве і вяселле згулялі. Жыць маладая сям’я стала ў Шаркаўшчыне, і Аляксандр ездзіў на работу ў Глыбокае, пакуль не з’явілася магчымасць перавесціся ў Шаркаўшчынскі Дэпартамент аховы. З 2005 года Аляксандр нясе дзяржурства на пасту ў райвыканкаме. Такім чынам, можна сказаць, што яму даверана важная задача аховы аднаго з самых галоўных аб’ектаў у раёне. За час работы ў Аляксандра праходзілі стажыроўку каля 15 маладых спецыялістаў, ён знаёміў іх з асновамі работы ахоўніка правапарадку, дапамагаў рабіць першыя крокі ў прафесіі. Цяпер многія з яго былых вучняў самі ўжо вопытныя міліцыянеры, займаюць высокія пасады ў органах унутраных спраў.

Спецыфіка работы патрабуе ад нашага героя найперш дысцыпліны, гэтая ж якасць з’яўляецца адной з галоўных у яго жыцці. А яшчэ работа навучыла разбірацца ў людзях, бо часта патрабуецца хутка вызначыць, што можна чакаць ад чалавека. Вядома, бездакорная служба на працягу столькіх гадоў не магла не быць станоўча адзначана. У большасці  грамат (Аляксандр узнагароджаны граматамі МУС, Дэпартамента аховы, райвыканкама) так і пазначаецца: «за бездакорнае выкананне абавязкаў». Прадметам гонару з’яўляецца медаль «За бездакорную службу» па ахове грамадскага парадку 3-й ступені.

Хутка сям’ю Арэхавых чакае важная падзея: адбудзецца вяселле адной з дачок — Вольгі. Яшчэ адна дачка Лілія  працуе ў Віцебску ў абласной падатковай інспекцыі.

Хапае Аляксандру клопату і дома, шмат дапамагае на прысядзібным участку цешчы Алене Хасейнеўне, якая стала яму другой маці. Ну а ў вольныя ад работы і гаспадарчых клопатаў хвіліны спяшаецца на прыроду. Рыбалка, грыбное паляванне, збор ягад — яго любімыя заняткі і цудоўны адпачынак.

Андрэй БУРЭЦ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *