Трапіўшы на палеткі КУВСП імя Маркава, каб у чарговы раз даведацца, як ў мясцовых аграрыяў ідуць справы з корманарыхтоўкай, заўважыў сярод механізатараў невялікага росту дзяўчыну. Высветлілася, што гэта памочнік галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства.
— У Шаркаўшчынскі раён я прыехала зусім нядаўна, — расказала малады спецыяліст. — З 14 чэрвеня працую па спецыяльнасці ў КУВСП імя Маркава.
Дзяўчына, а завуць яе Данііла Ханкевіч, нарадзілася і вырасла ў Віцебску. Гарадское жыццё не вельмі яе прываблівала, таму і паступіла пасля школы ў Лужаснянскі аграрны каледж. Атрымаўшы кваліфікацыю агранома, крыху працавала па спецыяльнасці ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Віцебскага раёна, а сёлета была накіравана да нас.
— Здымаю пакой у прыватным доме. Аплату жылля часткова кампенсуе гаспадарка, — кажа Наталля. — Калектыў сустрэў мяне па-сяброўску, і ўмовамі працы я задаволена.
Мы пажадалі маладому спецыялісту поспехаў у рабоце, а праз некаторы час абавязкова прыедзем у гэту гаспадарку і даведаемся, як ідуць справы ў тэхнолага палёў, якая пачынае свой працоўны шлях на шаркаўшчынскай зямлі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

