Як і ў мінулыя гады, сёлета падчас летніх канікул вучні старэйшых класаў, выпускнікі школ, аб’яднаўшыся ў будаўнічыя атрады, займаюцца добраўпарадкаваннем гарадскога пасёлка, аграгарадкоў, вытворчых аб’ектаў сельгаспрадпрыемстваў.
Як паведаміла першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская, сёлета спаўняецца 60 год будатрадаўскаму руху Беларусі. У летні перыяд у раёне створаны і працуюць 7 будаўнічых атрадаў, у якіх задзейнічаны звыш 50 юнакоў і дзяўчат.
— Я мінулым летам на працягу двух месяцаў працаваў на кансервавым заводзе, — расказаў камісар атрада «Іскра» імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына Вадзім Казарын. — Вось і сёлета разам з таварышамі мы знайшлі занятак па душы. Наш атрад падзелены на дзве групы. Першая займаецца ўстаноўкай драўлянай агароджы вакол вытворчай тэрыторыі аддзялення «Рассвет» КУВСП імя Маркава, а другая фарбуе яе. Каб дарэмна не марнаваць час, вырашылі дапамагчы сельгаспрадпрыемству і зарабіць грошай. Зусім хутка мы сядзем за студэнцкія парты. Для большасці з нас, былых адзінаццацікласнікаў, пачнецца новае жыццё ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Цяпер жа, да заканчэння ліпеня, мы будзем сваімі справамі прыносіць карысць мясцовай гаспадарцы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

