Пільная ўвага надаецца тэме добраўпарадкавання гарадскога пасёлка, сельскіх населеных пунктаў

Общество

 

Тэме добраўпарадкавання гарадскога пасёлка, сельскіх населеных пунктаў, аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сфер заўсёды надаецца пільная ўвага з боку кіраўніцтва раёна. Навядзенню парадку на зямлі быў прысвечаны раённы выязны семінар.

Удзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў населеныя пункты, размешчаныя на тэрыторыі Більдзюгскага сельсавета. Спачатку трапілі ў аграгарадок Наваселле, наведалі там мясцовы сельскі Дом культуры, зрабілі візуальны агляд помніка землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, заехалі і на тэрыторыю механічных майстэрняў, каб уласна ўпэўніцца, у якіх умовах працуюць мясцовыя аграрыі.

Наступным прыпынкам на маршруце сталі вёскі Кубелеўшчына і Вішнявец. Старшыня мясцовага сельсавета Алена Чарняўская расказала, як з дапамогай сельгаспрадпрыемства і іншых арганізацый ідзе ліквідацыя пустуючых і безгаспадарчых жылых пабудоў. Потым трапілі на цэнтральную сядзібу ААТ «Жвіранка», у аграгарадок Більдзюгі. Тут азнаёміліся з работай ўстаноў сацыяльнай сферы — дзіцячага сада, фельчарска-акушэрскага пункта. Не мінулі ўвагай і аб’екты вытворчасці — малочнатаварную ферму, зернесушыльны комплекс, механічныя майстэрні. Асобная ўвага была нададзена добраўпарадкаванню могілак у населеных пунктах сельсавета.

У Більдзюгскім сельскім доме культуры ўдзельнікаў семінара віталі народныя самадзейныя калектывы «Купалінка» і «Стараверскія страпухі», якія расказалі пра сваю творчую песенную дзейнасць, пачаставалі стравамі, характэрнымі для гэтай мясцовасці.

Пры падвядзенні канчатковых вынікаў выязнога семінара было падкрэслена, што ў справе навядзення парадку на зямлі на тэрыторыі Більдзюгскага сельскага Савета вызначаная мэтанакіраваная работа. Разам з тым, адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, мае сваё месца і шэраг недапрацовак. У вёсцы Галінова не абкошаны ўзбочыны вуліц, каля воданапорнай вежы не выдаляецца кустоўе. Аналагічная праблема існуе і ў аграгарадку Наваселле, вёсцы Вішнявец, дзе ў кюветах расце лаза. У вёсцы Ваўчкі яшчэ канчаткова не знішчаны баршчавік.

Як падкрэсліў Уладзімір Серафімавіч, усе праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва па тых або іншых пытаннях, павінны вырашацца ў комплексе. На належным узроўні трэба падтрымліваць узаемную работу ўсіх структур, размешчаных на тэрыторыі Більдзюгскага сельскага Савета.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.