Сярод асноўных аб’ектаў, якія трэба ўзвесці да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» — жылы корпус Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Прараб будаўнічага прадпрыемства «Рассвет Паставский» Андрэй Драбовіч разам з тынкоўшчыцамі Таццянай Літвін і Святланай Цэйко (на здымку) абмяркоўваюць план далейшых работ на аб’екце.
Мы наведалі будаўнічую пляцоўку, дзе ўзводзіцца сацыяльная ўстанова, і пацікавіліся ходам работ.
— Штодзённа на аб’екце задзейнічана каля пяцідзесяці чалавек, — тлумачыць прараб. — Амаль поўнасцю завершана кладка сцен з цэглы. Частка рабочых займаецца ўзвядзеннем крокваў даху. На першым паверсе ўсталяваны аконныя блокі. Паралельна праводзяцца апрацоўчыя работы: тынкоўка, абліцоўка сцен керамічнай пліткай. У памяшканнях ідзе мантаж сістэмы ацяплення. Арганізацыі, якія задзейнічаны на субпадрадзе, займаюцца пракладкай каналізацыйнай сеткі і іншымі відамі работ. Здача аб’екта ў эксплуатацыю запланавана на студзень 2024 года, але мы прыкладаем максімум намаганняў, каб завяршыць запланаваныя работы датэрмінова. Для гэтага працуем і ў выхадныя дні.
Вядома, што будоўля — мужчынская справа, але без жаночых рук тут таксама нельга абыйсціся. На аб’екце працуе брыгада тынкоўшчыц з васьмі чалавек. Пастаўчанкі шчыруюць тут ужо трэці месяц.
— Справа для нас гэта звыклая, хоць і цяжкая, — кажуць жанчыны. — Працавалі ў Паставах, Міёрах, цяпер у вашым раёне. Займаемся не толькі тынкоўкай, выконваем і іншыя віды ўнутранай і знешняй аддзелкі.
Як упэўніліся, работа па ўзвядзенні жылога аб’екта ў Александрове, у літаральным сэнсе, кіпіць. Пройдзе зусім няшмат часу, калі адміністрацыя, абслугоўваючы персанал і пражываючыя зоймуць пакоі ў новым сучасным трохпавярховым корпусе.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

