Суправаджэнне, набыццё лекаў і прадуктаў харчавання, іх дастаўка, дапамога ў прыгатаванні страў, мыццё бялізны — гэта толькі частка тых службовых абавязкаў, якія выконвае сацыяльны работнік Валянціна Грыдзюшка з аграгарадка Лужкі.
У сацыяльнай службе Валянціна Міхайлаўна апынулася па волі выпадку.
— Многа год назад я працавала ў кандытарскім цаху Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства, — кажа жанчына. — Па сямейных абставінах трапіла ў Лужкі, дзе працавала ў жывёлагадоўлі, даглядала цялят у саўгасе «Гарадзец». Аднойчы знаёмыя параілі мне ўладкавацца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Маўляў, работа гэта для жанчыны значна лягчэйшая, чым у сельгасвытворчасці. Абмеркаваўшы разам з сынам і дачкой прапанову, я згадзілася. З таго часу прайшло дзесяць год. Ведаеце, я ніводнага разу не пашкадавала, што выбрала гэту работу. Лічу, што ў любой сферы дзейнасці чалавек прыносіць плён, калі з любоўю адносіцца да выканання сваіх абавязкаў. Так і ў мяне: пачатак кожнага новага працоўнага дня я планую загадзя. На дадзены момант на маім абслугоўванні знаходзяцца дзесяць чалавек пенсіянераў, інвалідаў, якія пражываюць у аграгарадку Лужкі і вёсцы Гарадзец. Я ўжо дакладна ведаю, каму і якія лекі з самай раніцы трэба набыць у аптэцы, якія прадукты харчавання патрэбны маім падапечным. З сумкамі на плячах спяшаюся на мапедзе або на аўтамабілі да іх. Зімою трэба і ў хаце працепліць, і вады прынесці са студні, і, прыбраўшыся ў пакоях, прыгатаваць страву. Некаторым аказваю паслугі за дадатковую плату, як гэта прадугледжана ў дагаворы — мыю бялізну.
— Мы заўсёды з нецярпеннем чакаем дома сваю любімую Валечку, — кажа пенсіянерка, ветэран працы Тамара Ціханаўна Захарэвіч. — Яна не толькі сумленны і старанны работнік, але і душэўны суразмоўца. За кубачкам гарбаты заўсёды падзеліцца з намі апошнімі вясковымі навінамі, выслухае, дасць слушную параду. У яе, вядома, і сваіх хатніх клопатаў хапае, бо жыве адна, але, калі спатрэбіцца, то нават у выхадны дзень або ноччу заўсёды прыйдзе на дапамогу. За гэта мы, пенсіянеры, вельмі ўдзячны Валянціне Міхайлаўне.
Жанчына не толькі выдатна выконвае складаную працу, але яшчэ мае дагледжаную сядзібу, якая проста патанае ў квецені ружаў, трымае хатнюю гаспадарку, выхавала дастойнымі людзьмі дачку і сына.
У сакавіку сацыяльны работнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Міхайлаўна Грыдзюшка стала лаўрэатам ганаровага звання «Чалавек года Шаркаўшчыны» ў намінацыі «сацыяльная сфера». Безумоўна, гэта чарговае прызнанне яе сумленнай працы, якую жанчына выконвае бездакорна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

