Найлепшы клад, калі ў сям’і лад. З гэтым выказваннем, напэўна, пагадзяцца многія, асабліва людзі старэйшага ўзросту, якія разам пражылі не адзін дзясятак год, зведалі горыч і радасці, падзенні і ўзлёты. Усё гэта было ў жыцці Гардзея Мікалаевіча і Людмілы Лявонаўны Абрамчыкаў з аграгарадка Верацеі.
Без перабольшвання можна сказаць, што гэта сям’я — прыклад для іншых. Праз пяцьдзясят год сумеснага жыцця Гардзей Мікалаевіч і Людміла Лявонаўна змаглі пранесці святло ўзаемнай любові і павагі. Нарадзілі і выхавалі трох сыноў, дастойнымі сваіх дзядулі і бабулі растуць шасцёра ўнукаў і ўнучак. Такім багаццем па-сапраўднаму можна і трэба ганарыцца.
Муж і жонка нарадзіліся ў 1951 годзе ў Верацеях, разам скончылі Падорскую базавую школу, якая размяшчалася непадалёк. Потым на некаторы час іх шляхі разышліся.
— Пасля службы ў арміі ў 1969 годзе стрыечны брат Жоржык угаварыў мяне паехаць разам з ім у Эстонію, — успамінае Гардзей Мікалаевіч. — Я даў згоду і на працягу года жыў у Таліне, працаваў на ваенным заводзе зваршчыкам. Але настальгія па родных мясцінах не давала мне спакою. Таму і вярнуўся назад у Верацеі, дзе ўладкаваўся на працу ў мясцовы саўгас электрагазазваршчыкам. На вечарыне спаткаў сяброўку свайго юнацтва Людмілу. У хуткім часе мы вырашылі аб’яднаць свае лёсы ў адзін, згулялі ў студзені 1973 года вяселле. Я па-ранейшаму працаваў у саўгасе, а спадарожніца жыцця ў дзіцячым садку. Як і ўсе вяскоўцы, абзавяліся ўласным домам, пачалі трымаць гаспадарку. Лёс падараваў нам трох сыноў — найлепшае багацце для бацькі і маці.
З гаворкі высветлілася, што сын Вячаслаў у 37-мі гадовым узросце заўчасна пайшоў з жыцця. Двое астатніх жывуць на Глыбоччыне. Аляксей з’яўляецца намеснікам старшыні Глыбоцкага райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні. А Віктар у юнацтве абраў для сябе прафесію педагога, цяпер ён — дырэктар школы.
Каля дваццаці год, нягледзячы на пенсійны ўзрост, Гардзей Мікалаевіч з’яўляецца старэйшынай аграгарадка Верацеі. Актыўная жыццёвая пазіцыя спрыяе таму, што мужчына клапоціцца пра добраўпарадкаванне населенага пункта, дзе ён пражывае разам са сваімі землякамі. Па словах старшыні Лужкаўскага сельвыканкама Таццяны Краснадубскай, Гардзей Мікалаевіч дапамагае вырашаць пытанні жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва, забяспечанасці жыхароў палівам. Пад яго пастаянным кантролем знаходзіцца навядзенне парадку на вясковых могілках. Старэйшына ўзнімаў пытанне высечкі кустоўя ў канале перад аграгарадком. Дзякуючы старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміру Шпяцу і супрацоўнікам Шаркаўшчынскага РАНС, з канала было выдалена кустоўе, сцёкавая вада пасля дажджоў не стала збірацца на зямельных надзелах вяскоўцаў.
Хапае спраў у Гардзея Мікалаевіча і дома. Разам з Людмілай Лявонаўнай даглядаюць зямельны надзел, на якім садзяць гародніну, трымаюць хатнюю гаспадарку. Пад час летніх канікулаў у дзядулі і бабулі бавяць свой вольны час любімыя ўнукі. Але яны не проста адпачываюць, а дапамагаюць сваім родным прапалоць агарод, прыбрацца ў хаце і нават прыгатаваць смачны абед. Дабрабыт дзяцей, гарэзлівыя звонкія галасочкі ўнукаў — у гэтым і заключаецца сакрэт сямейнага шчасця Абрамчыкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота Алены АНАНІЧ.

