Сонечнае і цёплае надвор’е, якое сёлетнім летам усталявалася ў нашай мясцовасці, спрыяе правядзенню работ па рамонту жылых і вытворчых аб’ектаў, вуліц і завулкаў, сквераў і месцаў адпачынку. Гарадскі пасёлак цяпер выглядае як будаўнічая пляцоўка.
Яно цалкам зразумела, на календары пачалася трэцяя дэкада ліпеня, а значыць, усё менш застаецца часу да правядзення абласных «Дажынак». І мясцовая ўлада, і ўсе жыхары гарадскога пасёлка зацікаўлены ў тым, каб на дастойным узроўні сустрэць гасцей маштабнага сельскагаспадарчага форуму на сваёй малой радзіме.
Тыя, хто даўно не быў у Шаркаўшчыне, прыемна ўражаны змяненнямі, якія сёлета адбываюцца ў раённым цэнтры. Калі яшчэ ў мінулым годзе аўтааматары і пешаходы выказвалі свае нараканні на стан праезных частак і тратуараў, то сёлета ўжо стала відавочна, што большая колькасць вуліц і завулкаў адрамантаваны, на іх пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё. Абнаўляюцца і пешаходныя дарожкі. Заменена тратуарная плітка, усталяваны новы фантан у скверы на плошчы 1 Мая. Заканчваюцца рамонтныя работы каля помніка загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны на плошчы Леніна. Непазнавальна змяніліся вуліцы Энгельса, Халаева, Чырванадворская, Чырвонаармейская, Ціміразева, Камсамольская, Савецкая, Маякоўскага і шмат іншых.
На пасяджэннях абласнога штаба па падрыхтоўцы ад «Дажынак» намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус заўсёды падкрэслівае, што ўсе будынкі арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, размешчаныя ў райцэнтры, павінны быць адрамантаваны і мець належны выгляд. На старонках раённай газеты мы на пастаяннай аснове размяшчаем матэрыялы пра ход праведзеных работ на асноўных аб’ектах гарадскога пасёлка. Трэба сказаць, што на сённяшні дзень адрамантаваны будынкі Белааграпрамбанка, раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, аўтавакзала, дзіцячай школы мастацтваў і іншыя. Да добраўпарадкавання далучыліся і індывідуальныя прадпрымальнікі, уласнікі жылых дамоў. Безумоўна, свята-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2023» наша Шаркаўшчына сустрэне абноўленай і правядзе яго на належным узроўні.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

