Паглядзіце, як прыгожа і велічна выглядае Шаркаўшчынскі раён газазабеспячэння

Главное Добраўпарадкаванне

Як паведамлялася раней у нашай газеце, у лютым была пачата мадэрнізацыя з добраўпарадкаваннем тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ «Браслаўгаз».

Прадпрыемства размяшчаецца ў паўднёва-заходняй частцы гарадскога пасёлка, у самым заканчэнні вуліцы Энгельса. Жыхары раённага цэнтра, якія неаднаразова праязджалі або праходзілі побач, часта выказвалі меркаванне, маўляў, навошта было так у літаральным сэнсе руйнаваць будынкі газавай гаспадаркі? Скептыкі нават не ўяўлялі, што праз малы прамежак часу на гэтым месцы з’явіцца па-сучаснаму адноўленае прадпрыемства, дзе будзе зручна і ўтульна працаваць як інжынерна-тэхнічным работнікам, так і абслугоўваючаму персаналу. Нам цікава было ўласна даведацца, што і якім чынам тут зроблена напярэдадні абласных «Дажынак».

Па дамоўленасці ў сваім рабочым кабінеце нас чакаў, знайшоўшы невялікі адрэзак свабоднага часу, кіраўнік арганізацыі Эдвард Вялічка. Яшчэ толькі трапіўшы ў калідор, склалася ўражанне, што тут знаходзіцца офіс якой-небудзь замежнай кампаніі, бо інтэр’ер і сапраўды цяпер тут накшталт таго, які можна бачыць у іншых краінах: навокал сцены і міжкабінетныя дзверы са шкла, у кожным пакоі ўтульнасць для працы спецыялістаў ствараюць кандыцыянеры, мяккая мэбля, сучасная аргтэхніка.

— Усё зроблена для зручнасці работы супрацоўнікаў прадпрыемства і, канечне ж, для наведвальнікаў, — кажа кіраўнік арганізацыі Эдвард Вялічка. — Генеральным падрадчыкам па мадэрнізацыі аб’ектаў выступіла прыватнае прадпрыемства «Стройсфера». Яго работнікі сумленна працавалі без выхадных і святочных дзён. З лютага па чэрвень спецыялісты генпадраднай арганізацыі змаглі амаль цалкам перабудаваць наша прадпрыемства. У літаральным сэнсе ад былых памяшканняў засталася толькі аснова — сцены. Усё астатняе было заменена на новыя сучасныя матэрыялы. Зроблена ўтульная і ўмяшчальная актавая зала з найноўшай падсветкай і люстранымі сценамі. Далей па калідоры размяшчаюцца вучэбны клас, абсталяваны ўсімі неабходнымі матэрыяламі для павышэння кваліфікацыі работнікаў на месцы, гардэробная. Як для адміністрацыі, так і для рабочых абсталяваны санвузлы, душавыя. Наша прадпрыемства працуе ў кругласутачным рэжыме, таму для зручнасці працуючых прадугледжана наяўнасць пакоя для прыёму ежы.

Пасля мадэрнізацыі кладаўшчык і тры майстры маюць свае ўласныя складскія памяшканні. На тэрыторыі вытворчых аб’ектаў размяшчаецца аўтамыйка, гараж для дзесяці аўтамабіляў, асобныя два гаражы для машын, якія перавозяць балоны са звадкаваным газам. Тут жа ёсць і гараж-стаянка, разлічаны на два аўтамабілі са спецыяльным абсталяваннем для іх рамонту. Без перабольшвання скажу, цяпер нам па-добраму зайздросцяць аналагічныя арганізацыі не толькі суседніх раёнаў, але і з рэгіёнаў Віцебшчыны і іншых абласцей.

Усе работнікі прадпрыемства вельмі задаволены новымі ўмовамі працы. Яно і зразумела, бо менавіта для людзей, для іх камфорту і зроблена гэта. Дзякуючы абласным «Дажынкам», якія восенню адбудуцца ў гарадскім пасёлку, Шаркаўшчынскі раён газазабеспячэння будзе выглядаць прыгожа і велічна.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.