Сквер у Шаркаўшчыне набудзе новае аблічча

Добраўпарадкаванне Общество

 

Сярод аб’ектаў, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі рамонту, сквер на скрыжаванні вуліц Чырвонаармейскай і Ціміразева ў гарадскім пасёлку.

Дванаццаць год назад тут па ініцыятыве прадстаўнікоў раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і пры падтрымцы мясцовай улады быў усталяваны помнік воінам-афганцам, выкапана сажалка, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. З цягам часу на знакавым для шаркаўчан месцы ўстанавілі ваенную тэхніку. Кожны год 15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў тут праходзіць урачысты мітынг з ускладаннем кветак да помніка.

Спецыялісты таварыства з абмежаванай адказнасцю «РекордСтрой» з горада Наваполацк у цяперашні момант займаюцца рамонтам сквера. Ідзе замена пліткі на сцежках, пашырэнне пляцоўкі каля помніка і тэхнікі для больш зручнага правядзення масавых мерапрыемстваў. Па словах кіраўніка будаўнічай брыгады дадзенай арганізацыі Юрыя Сцяпанава, работы па добраўпарадкаванні сквера будуць завершаны ў кароткія тэрміны. Гэта ўжо не першы аб’ект у Шаркаўшчыне, дзе працуюць спецыялісты з Наваполацка. Аналагічны від работ яны ўжо выканалі ў скверы на плошчы 1 Мая, а таксама на плошчы Леніна. Наперадзе будаўнікоў чакае рамонт пляцоўкі каля будынка райвыканкама.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.