Напярэдадні абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» у Шаркаўшчыне працягваюцца рамонтныя работы на шматлікіх аб’ектах: укладваецца асфальт, будуюцца тратуары, ажыццяўляецца капітальны і касметычны рамонт будынкаў.
Узяць, напрыклад, Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр рамёстваў, дзе розныя віды будаўнічых работ выконваюць прадстаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю «Рэгул-Інвест» з горада Докшыцы. У апошнія дні будаўнікі капаюць траншэю пад цеплатрасу, праводзяць гідраізаляцыю цокаля. Прадстаўнікі дадзенай арганізацыі будуць ажыццяўляць і іншыя віды работ на аб’екце: уцяпляць фасад будынка, займацца яго тынкоўкай і фарбаваннем, устанаўліваць ліўневую сістэму і падключаць аб’ект да цэнтральнай цеплатрасы. У Цэнтры рамёстваў з’явіцца новы ганак, а сама ўстанова будзе мадэрнізавана і рэканструявана з забеспячэннем неабходных патрабаванняў безбар’ернага асяродзя.
— На сённяшні дзень на аб’екце працуюць каля 12 чалавек і тэхніка,- расказаў чытачам газеты майстар будаўніча-мантажных работ ТАА «Рэгул-інвест» Арцём Пацёмкін. — Пачаліся работы каля месяца назад, завяршыць іх плануем да 15 верасня. Наша будаўнічая арганізацыя на рынку працы ўжо 11 год. За гэты перыяд займаліся ўзвядзеннем розных аб’ектаў у многіх раёнах вобласці, неаднаразова і ў Шаркаўшчыне. Выконваем шырокі спектр паслуг па будаўніцтву і рамонту.
У будынку па вуліцы Заслонава Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр рамёстваў знаходзіцца з 2001 года. Галоўнай яго задачай з’яўляецца адраджэнне і развіццё традыцыйных народных рамёстваў. Асноўныя з іх — гэта вырабы з дрэва і саломкі, ткацтва паясоў і вышыўка. Калектыў і шматлікія наведвальнікі Цэнтра з нецярпеннем чакаюць завяршэння рамонтных работ. Фасад установы будзе мець сучасны выгляд, а ізюмінку ў класічны інтэр’ер установы абавязкова ўнясуць творчыя і таленавітыя майстры шаркаўшчынскага краю. Пакуль жа рамонтыя работы ў самым разгары.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.