Ціхае і размеранае жыццё вёскі Алашкі штогод у жніўні абуджаецца музыкай і песнямі, вясёлымі галасамі і радасным смехам. Гасцінная шаркаўшчынская зямля, якую праславіў знакаміты садавод-селекцыянер Іван Паўлавіч Сікора, традыцыйна сабрала шматлікіх гасцей на свята.
«Яблычны фэст» з’яўляецца брэндам нашага раёна і вельмі сімвалічна, што гэта мерапрыемства праходзіць падчас святкавання праваслаўнага Яблычнага Спаса, неад’емнай часткай якога з’яўляецца асвячэнне пладоў новага ўраджаю і частаванне яблычным пірагом. У такія моманты яшчэ мацней адчуваеш духоўную еднасць з роднай зямлёй, з той малой радзімай, дзе жывеш сам, дзе жывуць твае родныя і блізкія людзі.
19 жніўня вёска Алашкі і сікораўскі сад у чарговы раз сустракалі гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята аматарскіх калектываў «Яблычны фэст». Арганізатары мерапрыемства распрацавалі праграму з музыкай, конкурсамі і гульнямі, са спаборніцтвамі і забавамі.
На ўездзе ў вёску дэлегацыі гасцей з яблычнымі пірагамі і песнямі сустрэлі ўдзельнікі народнага хору «Спадчына» дзіцячай школы мастацтваў. Вельмі сімвалічна, што ў Год міру і стварэння перад пачаткам асноўнай урачыстасці адбылася акцыя «Ябыня міру», удзельнікі якой, а гэта прадстаўнікі кожнага раёна вобласці, павязалі на галінках маладой яблыні гатунку «Памяць Сікоры» стужкі з пажаданнямі шчасця, любові і дабрыні будучым пакаленням.
А дванаццатай гадзіне фанфары абвясцілі аб адкрыцці свята «Яблычны фэст». Усіх прысутных са сцэны віталі старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака і начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі.
— Ужо стала добрай традыцыяй усім нам штогод сустракацца ў вёсцы Алашкі, на радзіме садавода-селекцыянера Івана Сікоры, — адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч. — «Яблычны фэст» сабраў сёння 27 творчых калектываў Віцебшчыны. Завіталі і госці з Латвіі — удзельнікі беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» з горада Даўгаўпілс. Няхай сённяшняе свята дасць магчымасць кожнаму больш даведацца пра царкоўныя і народныя традыцыі, падорыць радасны настрой!
— Дарагія сябры, — прадоўжыў Пётр Мікалаевіч, — як цёплае лета ў гэты дзень пераходзіць у шчодрую восень, так няхай усе вашы справы і пачынанні прынясуць плён, а мары пачнуць здзяйсняцца! Жадаю ўсім прыемнага адпачынку на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі!
У народзе лічыцца, што яблыкі, як і іншую садавіну новага ўраджаю, можна паспытаць толькі тады, калі яны будуць асвечаны свяшчэннаслужыцелем. Таму, па праваслаўных канонах на галоўнай сцэне словы малітвы прачытаў дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі, протаіерэй Віктар Валашчук. Затым ён святой вадою акрапіў дары сікораўскага саду.
І тэрыторыя, прылеглая да сядзібы Івана Сікоры, і яблыневы сад, і нешматлікія вясковыя вулачкі сталі месцам, дзе ўсе жадаючыя маглі з карысцю правесці свой вольны час. Сёлета ўпершыню адбылася прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Шаркаўшчынскага раёна, у спісе якой знаходзіцца маляванка. А майстар-клас па гэтаму віду мастацтва правяла Марына Ліпская.
Пакуль на галоўнай сцэне ішло канцэртнае выступленне калектываў аматарскай мастацкай творчасці, у сікораўскім садзе паміж сабой у спаборніцтве спрачаліся аматары шашак з Віцебшчыны і Мінскай вобласці. Супрацоўнік музея Віктар Сікора праводзіў майстар-клас па догляду за пладовымі дрэвамі. У сядзібе садавода-селекцыянера праходзілі экскурсіі, дзе наведвальнікаў знаёмілі з жыццём і навуковай дзейнасцю славутага земляка.
Як вядома, у календары праваслаўных свят існуюць тры Спасы: Мядовы, Яблычны і Хлебны. Што азначае кожны з іх, якія стравы гатуюць і чым харчуюцца ў гэтыя дні, можна было даведацца на тэматычных пляцоўках.
Нягледзячы на тое, што надвор’е ў той дзень было сонечнае і вельмі спякотнае, госці з ахвотай назіралі за выступленнем лепшых калектываў вобласці на сцэне. Сваю песенную творчасць дарылі не толькі шаркаўчане, гаспадары свята, але і калектыў з Оршы — ансамбль народнай песні «Родныя напевы».
Свята, якое доўжылася амаль пяць гадзін, завяршылася ўзнагароджваннем яго ўдзельнікаў. Прыемна, што сярод пераможцаў аказаліся і нашы калектывы — народны клуб нацыянальнай кухні «Груца» Радзюкоўскага СДК, народны клуб стараверскай кухні «Стараверскія страпухі» Більдзюгскага СДК і народны клуб «Талака» раённага цэнтра рамёстваў.
Падчас цырымоніі ўзнагароджвання пайшоў дождж, але ён сваімі буйнымі цёплымі кроплямі не азмрочыў радасць свята, а наадварот, развітаўся з сябрамі, пажадаў шчаслівай дарогі і нібы сказаў: «Да новых сустрэч!».
Андрэй ЗУЙКОЎ, кандыдат сельскагаспадарчых навук, г. Мінск:
— Мяне перапаўняюць пазітыўныя эмоцыі. Кожны год прыязджаю разам з сям’ёй на радзіму свайго дзядулі Івана Паўлавіча Сікоры. Яскрава бачна, што справа, якой прысвяціў усё сваё жыццё Іван Паўлавіч, жыве і будзе жыць.
Пётр СІКОРА, індывідуальны прадпрымальнік, г. Мінск:
— Хочацца выказаць словы ўдзячнасці мясцовай уладзе за зберажэнне спадчыны Івана Паўлавіча. Супрацоўнікі музея, які носіць імя майго дзеда, займаюцца пачэснай і ганаровай справай. Арганізатары і ўдзельнікі абласнога свята ў чарговы раз парадавалі гасцей гэтага знакавага мерапрыемства. Дзякуй ім за гэта!
Лілія РЭЗКІНА, начальнік аддзела абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, г. Віцебск:
— Я ўпершыню прыехала ў Шаркаўшчынскі раён. Вельмі ўражана маштабам гэтага цудоўнага свята. Навокал добрыя і ветлівыя людзі са шчырымі ўсмешкамі і лагодным позіркам вачэй. Несумненна, што «Яблычны фэст» мае свой адметны каларыт і непаўторнасць. Гэта свята, якому наканавана жыць і пашыраць свае межы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота Алены АНАНІЧ.


























































































