Пры набліжэнні ўборачнай кампаніі да свайго завяршэння ў гаспадарках раёна віншуюць хлебаробаў, якія намалацілі і перавезлі з поля звыш адной тысячы тон зерня. Сярод іх камбайнеры КУВСП імя Маркава Дзмітрый Осіпаў і Вітольд Замбжыцкі (на здымку).
Перадавыя камбайнеры працавалі ў той дзень на абмалоце 100-гектарнага поля аўсу каля вёскі Малонка. Вітольд Віктаравіч і Дзмітрый Савельевіч спынілі сваю магутную тэхніку на невялікі перапынак, каб прыняць віншаванні ад прадстаўнікоў мясцовай улады. Шчырыя словы ўдзячнасці камбайнерам за іх нялёгкую, але пачэсную і ганаровую працу адрасаваў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. Да віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат і дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Жынгель.
Вадзіцелямі-тысячнікамі сталі шафёры КУВСП імя Маркава Мікалай Протас і ААТ «Даватарскі» Сяргей Кукоўскі. Такім чынам сёлета ў нашым раёне звыш адной тысячы тон зерня сабралі з палёў тры камбайнеры і столькі ж вадзіцеляў перавезлі хлеб ураджаю 2023 года на збожжатакі.
У гэтым годзе надвор’е не вельмі спрыяла хлебаробам. Амаль тры месяцы на палетках раёна не было дажджоў. Зерневыя культуры пры выспяванні недаатрымалі патрэбнай колькасці вільгаці. Тым не мен, ураджай, які вырас на палях Шаркаўшчынскага раёна, мясцовыя хлебаробы сабралі ў тэрмін і без страт.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


