На іх раўняюцца іншыя

Общество

На старонках раённай газеты неаднаразова друкаваліся імены аграрыяў Юрыя Ардынскага, Вітольда Замбжыцкага, Яўгенія Рагачэўскага і трактарыста-машыніста Валерыя Цітовіча (на здымку).

На гэтых людзей, на іх шчырую працу дзеля карысці роднай зямлі раўняюцца іншыя. Механізатар ААТ «Даватарскі» Юрый Ардынскі па праве лічыцца адным з лепшых камбайнераў у нашым раёне. Мужчына з маладосці плённа працуе ў галіне сельскай гаспадаркі, за ім замацаваны трактар «Беларус» МТЗ-82. Як толькі прыходзіць час жніва, Юрый садзіцца за штурвал камбайна, убірае спелую збажыну. Толькі за апошнія шэсць сезонаў працы на камбайне New Holland ён адправіў у дзяржаўныя засекі больш за 17 тысяч тон зерня. Сёлетні валавы намалот у Ардынскага склаў 1970 тон. І гэта высокі паказчык.

Крыху саступае свайму калегу механізатар КУВСП імя Маркава Вітольд Замбжыцкі. У час уборачнай кампаніі ён працаваў на камбайне айчыннай вытворчасці «Палессе» КЗС-1218. Сёлета Вітольд Замбжыцкі першым у раёне вывеў свой агрэгат на палеткі. Ужо 5 ліпеня ён абмалочваў участкі, на якіх рос азімы ячмень. Тэхніка ва ўмелых руках сапраўднага майстра эксплуатуецца бездакорна, нягледзячы на тое, што выкарыстоўваецца ўжо шмат сезонаў. Агульны намалот на сёлетнім жніве ў механізатара дасягнуў лічбы ў 1292 тоны зерня.

Яўгеній Рагачэўскі працуе вадзіцелем грузавога аўтамабіля ў ААТ «Агратэхсэрвіс». З году ў год ён не саступае лідзіруючых пазіцый на перавозцы зерня ад камбайнаў. Напрыклад, летась напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў абласным цэнтры Яўгенію ўручылі Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, Ганаровую грамату абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Сёлета Яўгеній Рагачэўскі стаў лідарам у раёне на адвозцы зерня. За перыяд жніва мужчына перавёз ад камбайнаў 1410 тон зерня.

Добрасумленнай і шчырай працай вылучаецца ў калектыве Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм трактарыст-машыніст Валерый Цітовіч. З году ў год ён займае лізіруючыя пазіцыі па вытворчых паказчыках. А працуе Валерый на бульдозеры. У спісе ўзнагарод мужчыны граматы і падзякі раённага і абласнога ўзроўняў. Па выніках працы за 2019 год яму было прысуджана ганаровае званне «Чалавек года Шаркаўшчыны».

У час святкавання фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023», які прайшоў у Шаркаўшчыне, лепшам работнікам старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў уручыў Ганаровыя граматы і Падзякі камітэта.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.