Самая цудоўная з жанчын — маці

Главное

 

Маці — святое слова для кожнага чалавека. Яно заўсёды суправаджае нас па складанай дарозе жыцця. А таму для маці — самыя сардэчныя словы, самыя прыгожыя кветкі, і не толькі ў свята.

Нараджэнне дзіцяці — вялікі цуд і вялікая радасць для бацькоў. Але колькі патрэбна працы, бяссоных начэй, каб з маленькага цёплага камочка выгадаваць і выхаваць сапраўднага чалавека. Як ніхто іншы, гэта добра ўсведамляе шаркаўчанка Таццяна Падоба, якая разам з мужам Уладзімірам выхавала чатырох дзяцей.

На гэтым тыдні гераіня гэтага матэрыялу адзначыць двайное свята — Дзень маці і Дзень работнікаў фармацэўтычнай прамысловасці, якое святкуюць у нашай краіне 15 кастрычніка.

Таццяна нарадзілася ў Расонскім раёне, а ў наш Шаркаўшчынскі была размеркавана на сваё першае працоўнае месца — у Іёдскую сельскую аптэку, дзе адпрацавала загадчыцай 14 год. У цяперашні час жанчына з’яўляецца загадчыцай аптэкі № 325 у нашым гарадскім пасёлку, што знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку камбіната бытавога абслугоўвання. Яе стаж у прафесіі налічвае ўжо 22 гады. І менавіта сваю работу фармацэўта Таццяна Падоба заўсёды лічыла цікавай, прывабнай і адначасова вельмі адказнай. Бо першыя лекавыя сродкі людзі прыдумалі задоўга да пісьменнасці. Таму, ніколькі не пакрывіўшы душой, можна сказаць, што фармацэўт (ці, як кажуць людзі, «аптэкар») — адна з найстаражытнейшых прафесій. Менавіта фармацэўты арыентуюць пацыентаў у вялікім мностве лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэптаў урача, выступаючы часам і ў ролі дарадцы, і ў ролі псіхолага. А Таццяна, закончыўшы школу,  паступіла ў Магілёўскае медыцынскі каледж на фармацэўтычнае аддзяленне, дзе тры гады асвойвала будучую прафесію. Дарэчы, менавіта гэту навучальную ўстанову не так даўно закончыла і старэйшая дачка Таццяны Аляксандра, якая, таксама як і маці,   стала фармацэўтам і працуе ў гарадскім пасёлку Расоны.

Муж Таццяны, Уладзімір, звязаў сваё жыццё з працай у сельскагаспадарчай вытворчасці, ён — адзін з лепшых механізатараў ААТ «Буеўшчына». 8 гадоў таму сям’я Падобаў купіла ўласны дом і пераехала з аграгарадка Іёды ў Шаркаўшчыну.

Уладзімір і Таццяна выхоўваюць чатырох дзяцей. Старэйшай, Аляксандры, хутка споўніцца 21 год. Трое малодшых дзяцей яшчэ школьнікі.

— Пад адным дахам ужываюцца такія розныя характары са сваімі надзеямі, радасцямі, праблемамі і перажываннямі, — расказала шматдзетная мама. — Трэба ўмець любіць кожнага. Не параўноўваць з іншымі, а прымаць такімі, якія ёсць. Раскрываць таленты і здольнасці, удзяляць дастаткова ўвагі кожнаму члену сям’і.

Міша ў гэтым годзе заканчвае 11 клас Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. Наперадзе ў маладога чалавека — выбар будучай прафесіі. Таму і не дзіўна, што значную частку вольнага  часу займае менавіта вучоба і падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання. Са школьных прадметаў юнаку найбольш падабаюцца фізіка і гісторыя.

Малодшыя дзяўчынкі ў сям’і — Ксюша і Анастасія — пагодкі, вучацца ў 6 і 5 класах. Яны вельмі дружныя, хоць і маюць зусім розныя характары. Ксюша актыўная, гарэзлівая, у яе выдатная памяць. Насця — найпершая памочніца для сваёй маці, яна акуратная, уважлівая, больш спакойная, захапляецца творчасцю і маляваннем.

А ў маці часу, сіл і ўвагі хапае на ўсіх. Жыццё Таццяны, як і ў большасці сучасных мам, ні на хвіліну не запавольваецца. Яна — вечны рухавік, генератар ідэй і самы галоўны чалавек у жыцці сваіх дзяцей.

— Нашу вялікую сям’ю аб’ядноўваюць увага і клопат, падтрымка і дабрыня. Узаемаразуменне ў сям’і і ўменне дараваць — таксама вельмі важна для гарманічных адносін. Мы разам і ў горы, і ў радасці, бо мы — сям’я. І ў гэтым наша сіла і наша вялікае шчасце, — напрыканцы нашай размовы адзначыла маці чатырох дзяцей Таццяна Падоба.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.