Былых культработнікаў не бывае. Да такой высновы прыйшлі арганізатары вечара адпачынку, якія ладзілі канцэртную праграму-ўспамін для ветэранаў працы сферы ўстаноў культуры раёна.
Нягледзячы на ўзрост, стан здароўя, іншыя жыццёвыя абставіны, у выставачнай зале раённага цэнтра рамёстваў, дзе і праходзіла мерапрыемства, сабралася больш за трыццаць чалавек: бібліятэкараў, клубных работнікаў, педагогаў дзіцячых школ мастацтваў. У нядаўнім мінулым яны ладзілі культурна-масавыя мерапрыемствы ў нашым раёне і далёка за яго межамі, вучылі дзяцей музыцы і харэаграфіі, жывапісу, стваралі святочны настрой усім і кожнаму. Некаторыя з прысутных не бачыліся шмат часу, таму, канечне, было што ўспомніць і пра што пагаварыць.
Галіна Русачонак усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла сферы культуры нашага раёна. Маладой дзяўчынай пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі па размеркаванні прыехала ў Шаркаўшчыну і засталася тут назаўсёды. Шмат год адпрацавала дырэктарам раённага Дома культуры.
Вялікі стаж работы ў клубнай сістэме ў Галіны Сафончык, Часлава Бруйкі, Людміла Шашок. Сваімі ўспамінамі пра гады працы на пасадзе дырэктара раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці падзялілася Ларыса Якубёнак. Бібліятэчнай справе прысвяцілі сваё жыццё Марыя Талапіла, Валянціна Касевіч, Зінаіда Машнюк, Галіна Яблонская.
Сярод ветэранаў працы дзіцячай школы мастацтваў была Таццяна Жалтаносава. Таленавіты педагог па класе акардэона дала пуцёўку ў жыццё многім сваім выпускнікам, у тым ліку і дырэктару ДШМ Жанне Русак. На вечары прысутнічалі і былыя работнікі цэнтралізаванай бухгалтэрыі — эканаміст Эля Ан і бухгалтар Зінаіда Шпец.
Загадчык сектара культуры райвыканкама Іна Шынкевіч павіншавала прысутных, з кім пачынала сваю працоўную дзейнасць, з прайшоўшымі святамі — Днём пажылога чалавека і Днём работнікаў культуры. Яна выказала словы вялікай удзячнасці за гады сумеснай плённай працы, за слушныя парады для яе, як маладога спецыяліста, на той час. Яна таксама пажадала, каб ветэраны працы культуры, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, не забывалі сваіх маладых калег, як мага часцей наведвалі канцэрты, выставы і іншыя марапрыемствы.
Бадзёры настрой музыкай і песнямі стваралі ў той вечар удзельнікі эстраднай студыі «Акорд» раённага Цэнтра культуры ў складзе Алы Клакоўскай, Вольгі Яцына, Мікалая Марозава, Івана Гарбачонка і Уладзіміра Радзюка. Прысутныя пускаліся ў скокі разам з самадзейнымі артыстамі, тым самым яны яшчэ раз пацвердзілі, што былых работнікаў культуры не бывае.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


