На календары — лістапад, апошні месяц адыходзячай восені. Асноўны цыкл сельскагаспадарчых работ ужо завершаны. Тым не менш, вяскоўцы без справы не сядзяць.
У чарговую сваю рабочую паездку мы накіраваліся ў КУВСП імя Маркава, дзе сустрэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Наталляй Мацкевіч.
— Падыходзіць да свайго завяршэння чарговы сельскагаспадарчы год, — кажа галоўны тэхнолаг палёў. — Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, раслінаводчая галіна гаспадаркі спрацавала нядрэнна. Як вядома, адмоўны ўплыў на рост зерневых культур і траў аказалі засушлівыя май, чэрвень і ліпень. Тым не менш, аграрыі нашага сельгаспрадпрыемства змаглі вырасціць і сабраць 2902 тоны зерня. Прыемна адзначыць, што сярод сямі «тысячнікаў» гаспадарак раёна, якія намалацілі і перавезлі з поля больш тысячы тон зерня, трое з КУВСП імя Маркава. Механізатар Вітольд Замбжыцкі на камбайне «Палессе» КЗС-1218 убраў 476 гектараў і намалаціў 1292 тоны зерня. Падчас святкавання фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» яму ўручана Ганаровая грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Механізатар Дзмітрый Осіпаў на камбайне «Палессе» GS12A1PRO убраў 549 гектараў, намалаціў 1200 тон зерня. Вадзіцель грузавога аўтамабіля МАЗ-555 Мікалай Протас перавёз ад камбайнаў 1194 тоны зерня. На «Дажынках» у Шаркаўшчыне ён таксама атрымаў узнагароду — Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Плённа працавалі нашы работнікі на нарыхтоўцы кармоў. Зрулонілі 344 тоны сена, заклалі ў сянажныя траншэі 5881 тону сенажу, у тым ліку 88 тон зрулонена ў палімерную плёнку.
Пасля завяршэння ўборачнай кампаніі аператыўна прыступілі да сяўбы азімага рапсу, насенне якога загарнулі ў глебу на 364-гектарнай плошчы. Усходы гэта культура дала выдатныя, ёсць надзея, што перазімуе рапс без страт. Больш мінулагодняга ў гаспадарцы пасеяна азімых зерневых культур — 983 гектары. Дадаткова 51 гектар пасеяны на зялёны корм жывёле. Пшаніца заняла плошчу 485 гектараў, ячмень — 337, трыцікале дало свае ўсходы на плошчы 161 гектар.
Цяпер асноўныя сілы сканцэнтраваны на ўзняцці зябліва. Правесці яго запланавана на плошчы 1400 гектараў. Гэта даволі значны аб’ём, таму прыкладаем максімум намаганняў, каб да пачатку адмоўных тэмператур паветра закончыць гэту работу.
Сельскагаспадарчы год заканчваецца, а аграрыі працягваюць працаваць, не зважаючы на ўмовы надвор’я і ўласны час. Цяпер пачалося зімовастойлавае ўтрыманне жывёлы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.