Аператар машыннага даення МТФ «Наваселле» Наталля Бездзель: справа, якая па душы

Общество Сельское хозяйство

Сёлета ўсе гаспадаркі Шаркаўшчынскага раёна «плюсуюць» па надоях малака ў параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі. За 10 месяцаў 2023 года валавы надой па раёне склаў 24 тысячы 63 тоны малака, што больш узроўню 2022 года на 7,7%.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» штодзённа атрымлівае больш за 14 тысяч кілаграмаў малака. За студзень—кастрычнік валавы надой па гаспадарцы склаў 4 тысячы 770 тон або 113% да ўзроўню мінулага года. У сярэднім ад адной каровы атрымана па 3191 кілаграму малака або плюс 310 кілаграмаў да аналагічнага перыяду 2022 года.

Нядаўна вёў гутарку аб надзённых справах з галоўным заатэхнікам ААТ «Агратэхсэрвіс» Марынай Хаданёнак. Яна параіла мне напісаць матэрыял пра аператара машыннага даення МТФ «Наваселле» Наталлю Бездзель.

Прыкладна год назад я наведваў дадзеную малочнатаварную ферму, размаўляў з жывёлаводамі, была тады сярод іх і Наталля. Што змянілася за гэты час у вытворчых паказчыках даяркі? Пра гэта мы і даведаліся ў падчас гутаркі з ёй.

— На сённяшні дзень у маім гурце налічваецца 57 рагуль, — тлумачыць жанчына. — Каб мець станоўчыя паказчыкі ў рабоце, трэба сумленна адносіцца да яе. Вось і я стараюся не падводзіць свой калектыў і, канечне, загадчыка малочнатаварнай фермай Раісу Вярцінскую. Наш працоўны дзень пачынаецца ў 5 гадзін раніцы, а заканчваецца ранішняе даенне кароў у 9 гадзін. Так і ўвечары, доім сваіх рагуль з 17 і да 21 гадзіны. Праца гэта мне даспадобы, бо жывёлу я люблю з дзяцінства. Таму, напэўна, і надоі малака ў гурце маіх кароў нядрэнныя, бо я з душой і дабрынёй падыходжу да кожнай рагулі. Хоць праца ў галіне сельскай гаспадаркі і мае свае складанасці, мяняць яе не збіраюся. Спачатку я працавала ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а на працягу апошніх шасці год — у жывёлагадоўлі. Буду старацца і ў далейшым дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў па надоях малака.

— На нашай малочнатаварнай ферме ўтрымліваецца 700 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 220 — гэта дойны статак, — тлумачыць Раіса Вярцінская. —  Абслугоўваюць кароў чатыры пастаянныя аператары машыннага даення і два падменныя. Але здараецца і так, што па аб’ектыўных прычынах, па стане здароўя той або іншы аператар адсутнічае. Тады яго месца займаю я, бо дасканала ведаю гэту справу. Усе нашы работнікі — сумленныя і шчырыя людзі. Слоў удзячнасці заслугоўвае і Наталля Бездзель. Напрыклад, за кастрычнік валавы надой малака ў яе гурце склаў 25 тон. У сярэднім ад адной каровы атрымана 434 кілаграмы малака. А гэта, згадзіцеся, вельмі добры паказчык. Дарэчы, па выніках раённага спаборніцтва за мінулы месяц Наталля Бездзель займае трэцяе месца.

На развітанне мы пажадалі Наталлі новых высокіх вытворчых паказчыкаў і павіншавалі з надыходзячым святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.