Нам добра вядома, што пры Іёдскай сельскай бібліятэцы дзейнічаюць розныя гурткі па інтарэсах. Адзін з іх носіць назву “Цёплыя сустрэчы”. На чарговым яго пасяджэнні запрасілі выступіць з мастацкім нумарам пад назвай “Марачка” удзельніцу цыркавога ўзорнага калектыву “Мара”, будучую студэнтку журфака Анастасію Цярпілка. Яна падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства:
— Галіна Парфір’еўна Яблонская — бібліятэкар, яна ж і кіраўнік клуба, загадзя паведаміла ўдзельнікам сустрэчы, што гаворка пойдзе толькі пра бульбу і пра стравы з яе. Трэба было ўявіць, што яны знаходзяцца ў санаторыі. Гаспадар яго — Яська (ролю выконвала Алена Багаткевіч) і гаспадыня Яніна (Галіна Яблонская).
Кожны з прысутных абараняў свае стравы. Трэба сказаць, што стол санаторыя ламіўся ад багатых і апетытных страў. А адна з удзельніц — Фаіна Аляксандраўна Клімановіч расказала вельмі цікавую і пазнавальную гісторыю пра паходжанне нашага “другога хлеба”.
Як і належыць у санаторыі, быў свой доктар — Марыя Георгіеўна Недведзь. Яна з кожным удзельнікам правяла гутарку на тэму здароўя, каму патрэбны былі лекі — прапанавала іх, параіла, як даўжэй захаваць сваё здароўе.
Для жадаючых, а ўсе ўдзельнікі клуба актыўныя чытачкі, у санаторыі была арганізавана кніжная выстава. На ёй змешчаны навыя кнігі нашых мясцовых пісьменнікаў: Віктара Лагуна “На палатне жыцця” і “Ракурс”, Міледзія Кукуця “Чысціня душы” і “На сёмым небе” і Кацярыны Сосна “Разбэрсаная буслянка” і “Мімозы з марозу”. Пра творчасць мясцовых творцаў паведаміла гаспадыня кніг Галіна Яблонская.
У апошні дзень прабывання ў санаторыі, людзі весяліліся, спявалі, танчылі, прымалі актыўны ўдзел у конкурсах. Вось тут давялося і мне выступіць.
Хочацца сказаць, што без такога актыўнага чалавека, як Галіна Парфір’еўна не было б цікавым мерапрыемства, бо яна сама зараджае пазітывам усіх прысутных. Таму і ў клуб “Цёплыя сустрэчы” ідуць з задавальненнем людзі рознага ўзросту, усе тыя, каго цікавіць кніга, духоўнае жыццё грамадства. І вольны час у іх праходзіць, як адна хвіліна.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.
