Вельмі часта на сцэне Шаркаўшчынскага РДК можна ўбачыць яскравыя выступленні цыркавога калектыву “Мара”. Шаркаўчане кожны раз з задавальненнем сустракаюць авацыямі даўно ўпадабаных артыстаў. Перш за ўсё, папулярнасць цыркавога мастацтва як у нашым гарадскім пасёлку, так і ва ўсім свеце, звязана з імкненнем чалавека да цуду, да мары, якія выводзяць за межы звычайнага жыцця. Вось і Юлія Лабейка — удзельніца цыркавога калектыву “Мара” — дэманструе прыгажосць, гнуткасць, спрыт, смеласць, якія выклікаюць захапленне ў гледачоў.
Шэсць гадоў Юлія аддала “Мары”. Напэўна, гэта быў лёс, бо яна амаль што выпадкова трапіла на заняткі цыркавога гуртка. Пайшла туды разам з сяброўкай, калі ёй было 14 гадоў, і вырашыла паспрабаваць сябе ў цыркавой справе. Юля ўсё сваё жыццё займалася спортам, але ж добрая фізічная падрыхтоўка яшчэ не гарантыя высокіх дасягненняў. Важна тут імкненне, жаданне і талент, які можна прымножыць, калі накіраваць яго ў патрэбнае рэчышча і шчыра ў яго верыць. Юлія не сумнявалася ў тым, што ў яе ёсць талент, таму першапачаткова ў яе не ўзнікала цяжкасцяў.
Спачатку Юля асвойвала розныя трукі ў малодшай групе тры разы на тыдзень, зусім хутка яе перавялі ў старэйшую групу, дзе цыркавое мастацтва яна з задавальненнем спазнавала кожны дзень, акрамя выхадных. Наступалі і такіе моманты, якія правяралі Юлю на трываласць. Некаторыя складаныя трукі асвойваліся з цяжкасцю, тады ёй хацелася ўсё кінуць, але яе ўвесь час нешта спыняла. Яна пераадольвала ўсе цяжкасці, дзякуючы сваёй вытрымцы, настойлівасці, жаданню і падтрымцы свайго кіраўніка Віталія Васільевіча Дарошчанка, які заўсёды яе падбадзёрваў, не даваў «апускаць рукі”, спраўляўся з упартасцю Юліі, за што яна яму вельмі ўдзячная. І гэта неверагоднае адчуванне, калі тое, што калісьці здавалася немагчымым, атрымліваецца, варта ўсіх намаганняў.
Па выніках 2012 года Юлія заняла 1-е месца ў конкурсе “Лепшая маладая ўдзельніца культурна-масавых мерапрыемстваў” па месцы жыхарства сярод моладзі Шаркаўшчынскага краю. Цыркавы калектыў “Мара” ведаюць і за мяжой. Юліі пашчасціла выступаць у Даўгаўпілсе, Пскове, Іспаніі з трыма сольнымі нумарамі: жангліраванне абручамі, нумар з кіем і хула-хупамі. А хваляванне ўсюды аднолькавае, кожны раз выступае быццам ўпершыню, хоць у яе жыцці было мноства выступаў перад разнастайнай публікай на розных сцэнах. А замежнікі заўсёды рады выступленням калектыву. Сустракаюць толькі бурнымі авацыямі, шчаслівымі і шчырымі ўсмешкамі.
Цырк — гэта асноўны занятак ў жыцці Юліі. Спачатку яна вырашыла атрымаць эканамічную адукацыю, вучылася на завочнай форме, каб заўсёды хапала часу на любімую справу, але своечасова зразумела, што ўсё ж такі гэта не яе прызванне, і забрала дакументы з універсітэта. Зараз планы на будучае ў Юлі такія: “Пакуль ёсць сілы, здароўе, і няма іншых сур’ёзных абавязкаў, я буду займацца цыркавым мастацтвам. Бо прыемна рабіць тое, што падабаецца, і атрымліваць за гэта грошы. Яшчэ ёсць вялікае жаданне стаць фатографам. А ў найбліжэйшай будучыні закончу курсы цырульніка-візажыста. Гэтая справа мне таксама падабаецца, бо кажуць, што ёсць талент, які дастаўся ад маці”.
Артыстаў усіх цыркавых спецыяльнасцяў аб’ядноўвае адна агульная рыса: з цырка практычна ніколі не сыходзяць. Артыст назаўжды застанецца звязаны з дзіўным мастацтвам цырка. Можа менавіта таму Юля і зразумела, што эканоміка — гэта навука не для яе, а сапраўднае захапленне ўсяго жыцця — цырк.
Анастасія АРСОБА,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара і Марыны ЖАКАЎКА.
